Спалены “мясцовы Нотр-Дам” у вёсцы Рамні. Хто вінаваты?



У Гарадоцкім раёне адбылося надзвычайнае здарэнне: сярод белага дня 17 красавіка згарэў помнік драўлянага дойлідства – унікальны касцёл, збудаваны ў 1896 годзе. У вёсцы Рамні смуткуюць па страчанай святыні і абмяркоўваюць верагодныя версіі здарэння.

Афіцыйная версія прычыны пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас палення смецця. Для вяскоўцаў яна відавочная, але цяжка высветліць, хто і што паліў: ці то наводзілі падарак гаспадары бліжэйшых падворкаў, ці то спальвалі “грамадскае” смецце, якое сабралі падчас суботніка па добраўпарадкаванні вёскі.

82-гадовы Анатоль Іўчанка лічыць, што ўсё адбылося праз безадказнасць людзей, хто б яны ні былі.

– Хто тут прыбіраў гэты касцёл, хто ім загадваў? Суботнік быў ці што, я не ведаю. Можа, нехта па неасцярожнасці, паліў цыгарэту… А няўжо ж гэта да нашых галоў не даходзіць, ці каша ў галовах! Гэта ж злачынства ўжо, калі такая сухмень, усё гарыць! Я выходзіў ранкам, дымілася нешта. Ну, думаю, нехта ж падыйдзе ды паглядзіць, там жа людзі побач жывуць. Няўжо ж яны не бачылі, што пожня гарыць? Ну што, і загарэўся гэты касцёл.

Вяскоўцы распавялі, што змагацца з агнём прыехалі ажно 5 пажарных машын. Але змагацца не было чым: ручай каля касцёла зусім мелкі, і агонь залівалі, пакуль у машынах не скончылася вада. Будынак дагараў на вачах у вяскоўцаў. Пенсіянерка Любоў Аляксандраўна прыгадвае, якім касцёл быў даўней і ў апошнія гады.

– Унізе падлога была добрая, і абразы. І пад купалам таксама было нешта прыгожае. Зачынены ён быў, непрацоўны. Там і раскрадалі нешта. Памятаю, лесвіца была, на другі паверх падымаліся. Потым яна знікла. Потым нібыта пачалі яго аднаўляць. А цяпер усё згарэла. Як у Францыі, сабор Парыжскай Маці Божай. Я кажу: калі гэта нехта падпаліў, то яго Гасподзь Бог пакарае!

Вінаватых шукаюць, вядзецца следства. Міліцыя апытвае мясцовых жыхароў і кіраўніцтва сельсавету і гаспадароў знішчанага агнём храма. 20 гадоў таму былы касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла быў перададзены Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы. Рэстаўраваць яго ўласнікі не імкнуліся. Калі ж кіраўніцтва каталіцкай царквы прапанавала ўзяць будынак пад сваю апеку, улады адмовілі. Маўляў, у Рамнях няма каталікоў, а таму няма сэнсу адбудоўваць каталіцкі храм. Было вырашана закансерваваць гістарычны помнік да лепшых часоў. Якіх ён так і не дачакаўся.

Ганна Ліпка для Беларускага Радыё Рацыя