Споўнілася 5 год з дня тэракту ў менскім метро



11 красавіка спаўняецца роўна 5 год, як у выніку тэрарыстычнага акту на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску загінула 15 ды пацярпела 303 асобы. Знойдзеных з небывалай хуткасцю вінаватых – 25-гадовых Дзмітрыя Канавалава ды Уладзіслава Кавалёва – прысудзілі да смяротнага пакарання і ў хуткім часе расстралялі.

IMG_1107

Але пытанні засталіся дасюль. Кажа праваабаронца Людміла Гразнова, яна бадай адзіная прысутнічала на ўсіх пасяджэннях і назірала за хадой працэсу.

– Я па-ранейшаму не давяраю суду і следству і лічу, што імёны сапраўдных злачынцаў мы не ведаем. Пра тое, што ўлады ў нейкай ступені былі датычныя да гэтага злачынства, можна казаць без сумневу. Хаця б таму, што калі б яны былі зацікаўлены ў раскрыцці гэтага злачынства, яны б яго раскрылі.

Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў, што адносна Уладзіслава Кавалёва былі парушаны міжнародны пакт аб грамадскіх і палітычных правах.

IMG_1111

„Пытанні пасля суду над Канавалавым і Кавалёвым засталіся дасюль – як у грамадскасці, так і ў незалежных даследчыкаў”, – кажа экс-спікер парламенту, генерал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, якога за меркаванні пра хаду працэсу самога ледзь не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

– Да мяне ў той час вельмі шмат звярталася журналістаў, як да эксперта. Адны казалі, што гэта выгадна ўладзе, другія, што гэта, магчыма, выгадна іншай дзяржаве, трэція казалі, што гэта наогул нейкае хуліганства. Я ім казаў як юрыст, што трэба шукаць таго, каму гэта выгадна. На другі ці на трэці дзень мяне выклікалі ў гарадскую пракуратуру. Мяне самога ледзь не арыштавалі за тое, што казаў – каму гэта выгадна?

Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньен адразу пасля працэсу выказаў  “сур’ёзныя сумневы” ў вінаватасці пакараных.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара