Спажыванне паслуг 4G вырасла летась удвая



beCloud падвёў вынікі развіцця 4G у Беларусі за 2019 год. На пачатак бягучага года ў Беларусі працавалі 2090 базавых станцый 4G. За мінулы год іх колькасць павялічылася ў краіне на 25 % (у 2019-м уключана ў сетку 529 базавых станцый і мадэрнізавана больш за 800). Доля актыўных карыстальнікаў сеткі ўзрасла на 46 %, а гадавы сумарны трафік абанентаў 4G перавысіў адзнаку ў 280 петабайт.

Колькасць гарадоў і населеных пунктаў, падключаных да 4G, узрасла да 177, акрамя таго, доступ да сеткі з’явіўся і ў 21 абʼекце, размешчаным за іх межамі. beCloud працягвае узмацняць прысутнасць тэхналогіі ў рэгіёнах і сельскай мясцовасці. Хуткасныя магчымасці сеткі чацвёртага пакалення асабліва актуальныя для малых населеных пунктаў, дзе мабільны інтэрнэт зʼяўляецца часта адзінай магчымасцю арганізацыі доступу ў глабальную сетку.

Менавіта таму базавая станцыя зʼявілася, напрыклад, у аграгарадку Наваселле ў Менскім раёне. З пачатку снежня 2019-га яе штосутачны трафік складае каля 400 Гб, а сумарны перавысіў адзнаку ў 8 тэрабайт. Дарэчы, акрамя Наваселля, да 4G могуць падключыцца і абаненты такіх населеных пунктаў, як Новы двор, Слабада, Ніжнія Жары.

BeCloud працягвае маштабнае развіццё сеткі 4G у Беларусі. Значна палепшана пакрыццё, асабліва ўнутры памяшканняў, а таксама пашырана ёмістасць сеткі ў месцах пікавага спажывання трафіку, бо ў 2019 годзе карыстальнікі высакахуткаснага інтэрнэту згенеравалі неверагодны абʼём інфармацыі ў памеры 280 петабайт (у аналагічны перыяд у 2018 годзе загружана 140 петабайт). Спажыванне паслуг 4G у 2019 годзе вырасла ўдвая і дасягнула значэння, эквівалентнага амаль 200 тысячам поўнаметражных фільмаў або 60 мільярдаў кніг у электронным фармаце. У сувязі з пашырэннем сеткі павялічылася і хуткасць аказання паслуг перадачы дадзеных.

Нагадаем, што сетка beCloud забяспечвае высакахуткасны доступ у інтэрнэт і ахоп паслугамі каля 76% насельніцтва краіны дзякуючы будаўніцтву базавых станцый, якія працуюць у трох дыяпазонах: 2600 МГц, 1800 МГц і 800 МГц. Хуткасці 4G дазваляюць звычайным карыстальнікам у рэжыме анлайн глядзець відэа, кантактаваць у сацыяльных сетках, імгненна выкладваць фота на сваіх старонках і дзяліцца інфармацыяй з сябрамі.

Для тых, хто знаходзіцца ў пастаянным рабочым руху, гэта магчымасць аддаленага доступу да офіснай сеткі, удзелу ў відэаканферэнцыях, анлайн-нарадах або нават арганізацыі паўнавартаснага мабільнага офіса ў любым пункце ў зоне пакрыцця.

У доўгатэрміновых планах першага інфраструктурнага аператара – працягваць развіццё LTE ў Беларусі і падрыхтавацца для запуску тэхналогіі 5G. Сетку LTE beCloud развівае ў партнёрстве з мабільнымі аператарамі МТС, A1 і life :).

zviazda.by