СПБ супраць зменаў у польскіх школах
Незалежны (і незарэгістраваны) „Саюз палякаў на Беларусі” разам з бацькоўскім камітэтам пачаў збор подпісаў за тое, каб пакінуць навучанне ў польскіх школах усіх прадметаў па-польску.
Зараз выкладанне па-польску адбываецца ў дзвюх польскіх школах у Гародні і Ваўкавыску, а таксама ў Суботніх і нядзельных школах, на факультатывах. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь прапануе ўвесці папраўкі ў навучанне ў школах польскай меншасці.
Старшыня Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі „Саюза палякаў на Беларусі” Анжаліка Борыс занепакоена гэтай сітуацыяй:
– Адносна гэтых паправак, навучанне гісторыі, геаграфіі, а таксама іншых прадметаў можа адбывацца на адной з дзяржаўных моваў. У дадзеным выпадку гэта канешне расейская мова, якая спрычыніцца да ліквідацыі навучання ў школах з польскай мовай на польскай мове. Гэта супярэчыць міжнародным дамовам, якія падпісаны паміж Польшчай і Беларуссю, бо гэтыя школы будаваліся за кошт польскага боку. Навошта было будаваць школу, калі ў іх будзе выкладацца толькі польская мова і літаратура?
У гарадзенскай польскай школе ўжо прайшоў першы бацькоўскі сход, на які дырэктар школы не пусціла Мечыслава Яскевіча, старшыню „Саюза палякаў на Беларусі”. Дзеці Яскевіча навучаліся ў гэтай школе, а ён быў старшынём бацькоўскага камітэта.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня