СПБ зацвердзіў план дзейнасці на бягучы год (абноўлена)
Развіццё польскай адукацыі і культуры, а таксама стварэнне новых суполак у рэгіёнах застаюцца галоўнымі накірункамі дзейнасці непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў, які апошнія 10 гадоў існуе нелегальна. Галоўная рада арганізацыі зацвердзіла план дзейнасці на бягучы год, улічваючы тыя акалічнасці, з якімі сутыкаюцца сябры арганізацыі.
На думку старшыні галоўнай рады Саюза палякаў Анжалікі Борыс каляндар бягучага года таксама ўнёс свае карэктывы:
– Гэты год звязаны з такімі датамі, як 160 гадоў са дня смерці Адама Міцкевіча. Адбудуцца вечарыны прысвечаныя Міцкевічу, якія падрыхтуюць школы, аддзелы Саюза палякаў. Гэта 10 гадавіна смерці Святога Айца Яна Паўла. Мы таксама хочам прысвяціць некалькі ўрачыстасцяў 5-й гадавіне катастрофы ў Смаленску і 75-й гадавіна Катынскага расстрэлу.
У сувязі з дзесяцігоддзем нелегальнай дзейнасці Саюз палякаў плануе правядзенне шэрагу культурніцка-асветніцкіх імпрэзаў – як у Беларусі, так і ў Польшчы. 18-19 красавіка ў Варшаве ў супрацы з арганізацыяй „Wspólnota Polska” запланавана правядзенне фотавыставы, шэрагу канцэртаў польскіх гуртоў з Беларусі, а таксама дыскусія пра захаванне тоеснасці палякаў ў сучаснай Белаурсі.
Для моладзі СПБ ладзіць агульнарэспубліканскі арфаграфічны конкурс, пераможцы якога будуць мець магчымасць ажыццявіць вандроўку ў Рым. Заяўкі на ўдзел атрыманыя больш як ад ста вучняў.
Як зазначае старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Анжаліка Борыс, геаграфія сёлетняга конкурса істотна пашырылася – не ў апошнюю чаргу дзякуючы прадстаўленай для пераможцаў магчымасці наведаць сталіцу Італіі:
– Заяўкі на ўдзел падалі дзеці з розных мясцовасцяў: Менску, Баранавіч, Берасця, Жодзіна, Гарадзеншчыны. Мы вельмі задаволеныя, што такая вось актыўнасць і маладзёны выказалі зацікаўленне ў вывучэнні польскай мовы.
Арфаграфічны конкурс польскай мовы адбудзецца 28 сакавіка. Кіраўніцтва Саюза палякаў спадзяецца, што мерапрыемства стане традыцыйным і з кожным годам будзе прыцягваць усё большую колькасць удзельнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня