Спецдакладчык ААН: Істотных паляпшэнняў з правамі чалавека ў Беларусі няма



За мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, аднак былі некаторыя пазітыўныя змены. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, які яна прэзентуе на летняй сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе.

Даклад, тэкст якога апублікаваны на сайце СПЧ, ахоплівае перыяд з 1 мая 2018-га па 31 сакавіка 2019 года. 

Марын падкрэслівае: урад Беларусі па-ранейшаму не прызнае мандат спецдакладчыка ААН, што абмежавала яе магчымасці канструктыўнага ўзаемадзеяння з уладамі. Яна заклікае Менск перагледзець пазіцыю ў дачыненні да мандата спецдакладчыка. 

„На падставе сабранай інфармацыі спецыяльны дакладчык не можа засведчыць важных паляпшэнняў у сферы выканання правоў чалавека ў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — Напрыклад, працягваецца прымяненне смяротнага пакарання, няма прагрэсу ў папярэджанні катаванняў і жорсткага абыходжання, хоць у папярэднія гады было зробленае шмат рэкамендацый (па паляпшэнні сітуацыі па гэтых пытаннях. — БелаПАН.)”. 

У якасці пазітыўных змен Марын адзначае дэкрыміналізацыю артыкула 193.1 КК (дзейнасць незарэгістраваных арганізацый) і ўнясенне ў закон аб масавых мерапрыемствах паправак, якія ўвялі паведамляльны (нароўні з заяўным) прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў. 

Пры гэтым спецдакладчык падкрэслівае, што гэтыя змены толькі часткова ўлічваюць рэкамендацыі праваабаронцаў. Так, адзначаецца ў справаздачы, адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі пераведзеная з крымінальнай у адміністрацыйную плоскасць, а працэдура паведамлення магчымая толькі для тых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. „Гэта невялікія крокі, якія хоць і ідуць у правільным кірунку, але яшчэ не сведчаць пра рэальныя змены ў палітыцы ўладаў”, — гаворыцца ў дакуменце. 

Марын таксама адзначае, што ў справаздачны перыяд былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўводзяць дадатковыя абмежаванні для дзейнасці анлайн-СМІ. Акрамя таго, зафіксаваныя факты затрымання праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў, адмовы ў правядзенні мірных сходаў, умяшання ў працу журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці. „Хоць колькасць такіх выпадкаў скарацілася ў параўнанні з папярэднім годам, але працяг прымянення падобных практык сведчыць пра адсутнасць фундаментальных змен. Улічваючы захаванне абмежавальнага заканадаўства і практыку яго прымянення, лёгка можа адбыцца вяртанне да масавых рэпрэсіяў”, — гаворыцца ў справаздачы. 

Зніжэнне колькасці затрыманняў і арыштаў спецдакладчык звязвае з тым, што ў справаздачны перыяд у Беларусі не адбывалася буйных палітычных ці грамадскіх мерапрыемстваў. Пры гэтым удзельнікі любых несанкцыянаваных акцый караюцца штрафамі альбо арыштамі, адзначае Марын. 

У якасці прыкладаў у справаздачы згадваюцца затрыманні і штрафы ўдзельнікаў акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем і некалькі выпадкаў затрымання людзей за фатаграфаванне каля статуі гарадавога блізу будынка МУС у Менску. 

Акрамя таго, гаворыцца ў дакуменце, у справаздачны перыяд аднавіўся націск на незалежных журналістаў і СМІ. Так, у чэрвені 2018 года была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка і дырэктара агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, якую закрылі пасля яго смерці ў жніўні. 

Спецдакладчык згадвае рэзанансную „справу БелТА”, у межах якой паводле падазрэння ў несанкцыянаваным доступе да падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА затрымліваліся рэдактары і журналісты партала tut.by, агенцтва БелаПАН і шэрагу іншых СМІ. Абвінавачанні выставілі 15 журналістам. У лістападзе крымінальныя справы ў дачыненні да 14 абвінавачаных былі пераведзеныя ў адміністрацыйную вытворчасць, журналісты заплацілі буйныя штрафы. Адзінай абвінавачанай па крымінальнай справе засталася галоўны рэдактар партала tut.by Марына Золатава. У сакавіку суд прызнаў яе вінаватай у бяздзейнасці службовай асобы і пакараў штрафам у 300 базавых велічыняў. 

„Жорсткія дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў па гэтай справе былі расцэненыя як непрапарцыйныя, што выклікала абурэнне і мабілізацыю міжнароднай супольнасці ў знак салідарнасці з журналістамі, — гаворыцца ў справаздачы. — Спецдакладчык лічыць, што дзеянні ўладаў з’яўляюцца сродкам запалохвання незалежных СМІ і падбухторвання іх да самацэнзуры напярэдадні наступнай выбарчай кампаніі”. 

У дакладзе таксама адзначаецца, што ўлады працягвалі штрафаваць журналістаў-фрылансараў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. У 2018 годзе было накладзена 118 штрафаў прыкладна на 48 тысяч долараў. 

У Беларусі існуе „жорсткі і карны падыход” да маргінальных груп — напрыклад, нарказалежных або беспрацоўных, гаворыцца ў дакуменце. „Асобы, у тым ліку падлеткі, затрыманыя за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, прыгаворваюцца да непамерна доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. У бацькоў, якія з’яўляюцца беспрацоўнымі, пакутуюць ад наркаманіі або здзейснілі нязначныя адміністрацыйныя правапарушэнні, сацыяльныя службы могуць забраць дзяцей. Беспрацоўныя вымушаныя аплачваць камунальныя паслугі па падвышаных цэнах. Такі падыход робіць негатыўны ўплыў на і без таго слабыя і непаспяховыя групы”, — мяркуе спецдакладчык. 

Анаіс Марын таксама адзначае, што некаторыя групы (цыганы, ЛГБТ-супольнасць, ВІЧ-інфікаваныя) працягваюць зведваць у Беларусі дыскрымінацыю. 

У дакладзе гаворыцца, што перыяды сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі маюць цыклічны характар і супадаюць з буйнымі палітычнымі падзеямі, таму існуе рызыка павелічэння выпадкаў парушэння правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з будучымі парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі. 

На думку спецдакладчыка, СПЧ павінен працягнуць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 

Даклад змяшчае рэкамендацыі уладам Беларусі па паляпшэнні сітуацыі.

БелаПАН

Фота n-europe.eu