Мішэль Форст зрабіў неафіцыйны візіт у Беларусь
З 16 па 18 красавіка ў Беларусі з неафіцыйным візітам знаходзіўся спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст.
Паездка адбылася па запрашэнні грамадскіх арганізацый „Беларускі Хельсінскі камітэт”, „Беларуская асацыяцыя журналістаў” і „Прававая ініцыятыва”. Акрамя праваабаронцаў, Форст сустракаўся з адвакатамі, журналістамі, прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасці, а таксама чыноўнікамі — прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі і МЗС.
Як паведаміў Форст БелаПАН, у гэтым годзе ён плануе падрыхтаваць тэматычны даклад па праблеме беспакаранасці злачынстваў, учыненых у дачыненні да праваабаронцаў. Спецдакладчык растлумачыў, што ў сферу ўвагі яго мандата, акрамя праваабаронцаў, трапляюць „усе тыя, хто якім-небудзь чынам абараняе правы чалавека”, у тым ліку журналісты.
Інфармацыю для даклада Форст збірае да 1 чэрвеня. Ён пакуль не ведае, ці будзе ў гэтым дакладзе згаданая Беларусь — усё залежыць ад таго, якія звесткі афіцыйна паступяць у яго офіс да гэтага часу з Беларусі.
Форст таксама адзначыў, што беларускія ўлады пакуль афіцыйна не запрашалі яго наведаць краіну. „Практыка ААН такая, што спецдакладчык адзін раз звяртаецца з афіцыйным лістом з просьбай дазволіць візіт у краіну (такі зварот з боку Форста быў. — БелаПАН.), а потым пры кожным зручным выпадку, часта вусна, я цікаўлюся, як там маё запрашэнне”, — расказаў Форст.
Пры гэтым ён падкрэсліў: пры наяўнасці спецыяльнага краінавага дакладчыка (спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з’яўляецца Анаіс Марын) прыярытэтам з’яўляецца запрашэнне менавіта яго. „Малаверагодна, што нават калі б мы атрымалі запрашэнне (ад уладаў. — БелаПАН.), мы б пагадзіліся афіцыйна прыехаць, пакуль у Беларусь не пусцяць краінавага спецдакладчыка”, — дадаў Форст.
Што тычыцца цяперашняй паездкі ў Беларусь, то, як заўважыў спецдакладчык, ён самастойна арганізоўваў свае сустрэчы, дамаўляўся з асобнымі людзьмі і асацыяцыямі. „Усе гэтыя сустрэчы адкрытыя, я іх не хаваю. Чаго б я хацеў менш за ўсё — каб мяне абвінавацілі ў тым, што, прыехаўшы сюды неафіцыйна, я ўпотай з кімсьці сустракаюся”, — сказаў Форст.
Варта адзначыць, што афіцыйны Менск ужо шмат гадоў не прызнае мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, лічачы яго непатрэбным. Цяперашні спецдакладчык Анаіс Марын, як і яе папярэднік Міклаш Харасці, не можа атрымаць дазволу на афіцыйны візіт у Беларусь.
Фота: Baj.by