Спецдакладчыку ААН паведамілі пра пераслед Паўла Севярынца



Праваабаронцы і валанцёры пазбаўленага рэгістрацыі ў Беларусі праваабарончага цэнтра „Вясна” накіравалі спецдакладчыкам ААН апавяшчэнне аб парушэнні права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркавання сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца. Пра гэта паведамляецца на сайце цэнтра spring96.org.

Адзначаецца, што падчас снежаньскіх пратэстаў супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй Севярынец арганізоўваў і ўдзельнічаў у мірных сходах. 18 снежня 2019 года палітыка затрымалі і даставілі ў суд Савецкага раёна Мінску, дзе было вынесенае рашэнне аб арышце на 15 сутак. Аднак пад арышт ён быў адпраўлены толькі 26 снежня, пасля чарговага суда, які на гэты раз аштрафаваў актывіста на буйную суму (каля 555 еўра ў эквіваленце).

Пасля адбыцця пакарання палітык быў выпушчаны на волю. Праз некалькі гадзін зноў адбыліся два судовыя пасяджэнні, дзе ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў мірных пратэстах 20 і 21 снежня і асуджаны на арышты ў 15 сутак за кожную акцыю. Паводле слоў Севярынца, гэтыя пасяджэнні праходзілі без яго ўдзелу.

„Такім чынам, Павел Севярынец пакараны арыштам на 45 сутак і буйным штрафам за арганізацыю мірных сходаў і ўдзел у іх. Ён ужо адбыў 15 сутак, але яму пагражае адбыццё яшчэ 30 сутак. Гэта з`яўляецца грубым парушэннем арт. 19 і арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Акрамя таго, адзначаецца ў паведамленні, шмат гадоў „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” не можа зарэгістравацца ў афіцыйнай якасці і паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны, нягледзячы на тое, што аргкамітэт па стварэнні партыі неаднаразова падаваў дакументы на рэгістрацыю. Гэта можна разглядаць як „сур`ёзнае абмежаванне права на свабоду асацыяцый, гарантаванае арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, для членаў гэтай партыі і Паўла Севярынца ў прыватнасці”, гаворыцца ў лісце.

Пра ўсе парушэнні правоў палітыка праваабаронцы апавясцілі спецдакладчыка па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, спецдакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне і спецдакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Акрамя таго, праваабаронцы адзначаюць, што пераслед з боку ўладаў удзельнікаў мірных антыінтэграцыйных сходаў носіць сістэмны характар. Арыштаваныя былі па меншай меры 12 чалавек, сярод якіх Дзяніс і Максім Урбановічы (прадстаўнікі зарэгістраванага ў Чэхіі „Маладога фронту”), Аляксандр Чахольскі, Леанід Кулакоў, Алена Талстая, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель і іншыя.

Паводле дадзеных „Вясны”, за снежань і студзень у краіне прайшло больш за 140 судоў, агульная сума штрафаў склала 99.652 рублі 50 капеек (каля 47.000 даляраў), а агульная колькасць сутак за кратамі для актывістаў — 225.

Акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, нагадаем, прайшлі ў сталіцы 7, 8, 20, 21 і 29 снежня.

belapan.by