Спецназаўцаў з Марʼінай Горкі шпіталізавалі пасля атручэння выбухоўкай
13 салдатаў з вайсковай часткі Пухавіцкага гарнізону 6 сакавіка шпіталізавалі ў рэспубліканскі вайсковы медычны цэнтр у Менску пасля таго, як яны пакаштавалі выбуховае рэчыва. Пра гэта піша Mlyn.by са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі Наталлю Гаўрусік.
У ноч на 6 сакавіка шпіталізавалі 13 чалавек, удзельнікаў стрэльбаў было больш. Сярод атручаных няма афіцэраў і сяржантаў. Выявілася, што ўсе шпіталізаваныя салдаты пакаштавалі выбуховае рэчыва. Як пісаў тэлеграм-канал Nexta, прычынай атручвання стала традыцыя, паводле якой салдатам трэба пакаштаваць траціл. Зараз салдаты адчуваюць сябе добра і рыхтуюцца да выпіскі.
