Спецслужбы маглі скрасці працяг «Каласоў» Караткевіча



Як распавялі даследчыкі творчасці Караткевіча, існаваў рукапіс працягу рамана «Каласы пад сярпом тваім», але ён быў выкрадзены «адпаведнымі службамі».

У Гародні ўспаміналі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, перадае «Радыё Свабода».

«Ён прыязджаў у Гародню шмат разоў. Любіў горад, не выпадкова Хрыстос у Гародню прызямліўся. Для яго гэта быў, бадай, самы любімы горад», – адзначыў прафесар Аляксей Пяткевіч.

Малады даследчык Дзяніс Марціновіч з Мінска мяркуе, што знакаміты раман «Каласы пад сярпом тваім» меў працяг і што адной з яго частак, у прыватнасці, мог быць аповяд, вядомы сёння пад назвай «Сіняя-сіняя».

Прафесар Аляксей Пяткевіч, які сябраваў з пісьменнікам, лічыць, што раман быў скончаны, але рукапіс выкралі «адпаведныя службы».

«Пра гэта, напрыклад, піша і Мальдзіс у сваёй кнізе пра Караткевіча, праўда, асцярожна вельмі піша, як гэты тэкст знік, – кажа ён. – Мальдзіс лепш ведаў Караткевіча, гэта быў самы блізкі сябар. Ён ведаў кухню: што робіць гэты пісьменнік, калі і што ён піша. Усе Мальдзіс ведаў, не выпадкова такую ​​кніжку цікавую напiсаў («Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча»). Па словах Мальдзіса, і я пра гэта ведаў і не раз чуў ад іншых людзей, кватэру Караткевіча не проста абрабавалі. Ніхто не рабаваў. Проста скралі рукапіс другой кнігі рамана. Гэта бомба была б. Разумееце: першая кніга – гэта напярэдадні паўстання, а другая – гэта само паўстанне. Гэта самае асноўнае, што там было сказана. Гэта вызваленчая вайна супраць Расеі. А каму гэта было цікава? І адпаведныя службы, пра якія не прынята распаўсюджвацца асабліва, сваю справу зрабілі: чысценька, акуратна».

На яго думку, менавіта па гэтай прычыне і сам Уладзімір Караткевіч не рабіў пасля знікнення вялікага водгуку.

«Ён, вядома, вельмі перажываў. Ёсць, напрыклад, яго прадмова да рускага выдання рамана, дзе ён піша: мне вельмі цяжка пачынаць пісаць другую кнігу, таму што я іх усіх мёртвымі буду бачыць, усе мае любімыя героі загінуць, прычым такой смерцю. Я іх люблю! Вядома, «Каласы» ён дапісаў», кажа прафесар Пяткевіч.