Спецыялістаў для Беларускай АЭС будуць рыхтаваць на сучасным трэнажоры
Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, студэнтаў БДУ спецыяльнасці «Ядзерная і радыяцыйная бяспека» будуць рыхтаваць на сучасным віртуальным трэнажоры «AtomicKeeperEducation». Яго выкарыстанне дазволіць адпрацаваць навыкі ў галіне ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў і няштатныя сітуацыі, звязаныя з гэтым працэсам.
Запатрабаванасць такіх спецыялістаў тлумачыцца ўкараненнем на Беларускай АЭС унікальнай аўтаматызаванай сістэмы ўліку, кантролю і маніторынгу ядзерных матэрыялаў «AtomicKeeper». Яна таксама прызначана для аператыўнай падрыхтоўкі справаздач. Уносячы інфармацыю ў асобныя блокі сістэмы, такія як «Папярэдняя заяўка», «Перамяшчэнне абсталявання», «Канчатковая заяўка», дакументы аўтаматычна запаўняюцца і фармуюцца ў справаздачу для Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).
У цяперашні час ідзе заключны этап па стварэнні трэнажора. Дзякуючы яму ў студэнтаў з’явіцца магчымасць адпрацаваць рэальныя сітуацыі на АЭС і вывучыць інтэрфейс інфармацыйнай сістэмы. Напрыклад, студэнтам прапануюць самім скласці справаздачу для МАГАТЭ і апісаць складаную паслядоўнасць дзеянняў працы з ядзернай палівам. Вынікі будуць параўновацца з сапраўднай справаздачай, што дасць магчымасць адразу ўбачыць памылкі і недахопы. Выкладчыкі змогуць назіраць за статусам выканання студэнцкіх работ з камп’ютара, тэлефона і любой іншай мабільнай прылады. Трэнажор будзе выкарыстоўвацца таксама і для павышэння кваліфікацыі спецыялістаў Беларускай АЭС. Штогод на віртуальным трэнажоры будуць навучацца каля 30 студэнтаў і магістрантаў, а таксама да 10 слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі.
Комплекс спраектаваны спецыялістамі кампаніі па распрацоўцы прамысловага вытворчага абсталявання «Прыкладныя сістэмы» пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ Яўгенія і Вольгі Хаджынавых.