Спіс памілаваных чыноўнікаў засакрэцілі



У прэзідэнцкай Адміністрацыі, спасылаючыся на службовую таямніцу, адмовіліся паведаміць поўны спіс былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія памілаваныя Аляксандрам Лукашэнкам і працаўладкаваныя.

«Такое рашэнне было прынята кіраўніком дзяржавы з улікам персанальнага падыходу да разгляду кожнай кандыдатуры, а таксама характару ўчыненай дзеі», — адзначана ў адказе на запыт БелаПАН, які падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў Уладзімір Пенін.

Сярод былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія былі асуджаны за карупцыйныя злачынствы, але вызваленыя датэрмінова з наступным працаўладкаваннем — былы намеснік генпракурора Аляксандар Архіпаў, былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Уладзімір Булай, былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, былы гендырэктар ААТ «Магілёўдрэў»Андрэй Усаў, былы намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім»Уладзімір Волкаў, былы гендырэктар холдынгу «Магілёўвадбуд» Яўген Зюзін і былы дырэктар санаторыя «Беларусь» у Сочы, грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш.

Аляксандар Архіпаў адразу пасля датэрміновага вызвалення адзначаў, што Лукашэнка даручыў скласці спіс асуджаных кіраўнікоў, каб даць ім новую працу.

Фота naviny.by