“Спіс Шапіры” – як пазбаўленне ад беларускіх выкладчыкаў
Гарадзенскі гісторык Таццяна Касатая была адной з першых пасля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 года адлічана з універсітэта імя Янкі Купалы. Гэта здарылася ўвосень 2011 года. Аднак не прафесійныя якасці, а яе грамадзянская пазіцыя – стала прычынай звальнення.
Менавіта ад яе пачаўся так званы „Спіс Шапіры” – спіс выкладчыкаў, звольненых пры ранейшым абласным кіраўніку Гарадзеншчыны, кажа Таццяна Касатая:
– Зараз я навучаюся ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук, якая знаходзіцца ў Варшаве. Працягваю даследчую працу па сваёй тэме – гэта “Рэлігійная палітыка ў БССР у пасляваенны час”. Гэта дае мне шмат ведаў, шмат нейкіх напрацовак. Планую абараніцца па гэтай тэме, тое што мне не ўдалося зрабіць у Беларусі. Прычыны майго звальнення з музея, а пасля адлічэнне з аспірантуры за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года і падтрымку кандыдата Уладзіміра Някляева.
Менавіта ў 2011 годзе Таццяна Касатая актыўна збірала подпісы за перайменаванне адной з вуліц Гародні – ў вуліцу Васіля Быкава.
Цяпер, колькасць навукоўцаў, якіх пазбавіліся гарадзенскія ўніверсітэты, складае каля дзясятка, сярод іх: Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед, Іна Соркіна, Ігар Кузьмініч, Алесь Астроўскі, Святлана Куль, Генадзь Семянчук. Усе яны – носьбіты беларускай мовы ў вышэйшай школе.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня