У Спораўскага возера новы гаспадар



Адбітае спораўцамі два гады таму ў былога прышлага арандатара Спораўскае возера займела новага гаспадара. Ім аказаўся зямляк спораўцаў Аляксандр Юркевіч. Ён мае досвед у гэтай справе і ўзяў возера ў арэнду на 10 гадоў. Жыхары вёскі Спорава амаль аднагалосна даверылі яму возера. Бо дзяржава не займалася ім, а толькі кантралявала, — кажуць людзі.

— Жывеш над возерам, але зойдзеш толькі па калена ў ваду. Усё забаронена.

— Некалі было панскае возера. Дык пан прынамсі дазваляў ля берага ставіць людзям адну сетку для сваіх патрэбаў. А тут пажылыя людзі выйдуць сетку паставіць, а інспекцыя забярэ сетку і ўсё, а для сябе нават паесці нельга.

— У мінулы раз быў не наш чалавек, ён адразу супраць спораўцаў.

Некаторыя з вяскоўцаў прайшлі турму за браканьерства, а некаторыя і зараз сядзяць. Людзі лічаць цяперашняе  заканадаўства вельмі жорсткім: інспектары лічаць галовы рыбы, а не кілаграмы.

Беларускае Радыё Рацыя