Спрашчаюцца правілы рэгістрацыі транспартных сродкаў



У Беларусі спрашчаюцца правілы рэгістрацыі транспартных сродкаў, паведамляе прэс-служба МУС.

21 студзеня набывае моц пастанова Савета міністраў № 747 ад 18 лістапада 2018 года, якой унесеныя змены і дапаўненні ў палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнага ўліку транспартных сродкаў, зняцця з уліку і ўнясення зменаў у дакументы, звязаныя з рэгістрацыяй транспартных сродкаў.

Асноўнай мэтай дакумента, падрыхтаванага Дзяржаўтаінспекцыяй МУС, з’яўляецца скарачэнне затрат часу грамадзян на ажыццяўленне рэгiстрацыйных дзеянняў з транспартнымі сродкамі і спрашчэнне адпаведных працэдур, гаворыцца ў паведамленні.

З наступнага тыдня стане магчымым зняцце з уліку транспартнага сродку ў любым рэгістрацыйным падраздзяленні, незалежна ад месца яго рэгістрацыі.

Прадавец (лізінгадаўца) зможа аказваць паслугу па ажыццяўленні дзяржаўнай рэгістрацыі не былога ў эксплуатацыі транспартнага сродку перад перадачай яго пакупніку або лізінгаатрымальніку (адпаведны пункт павінен быць унесены ў дагавор куплі-продажу (лізінгу) транспартнага сродку).

Пасля ўвядзення ў дзеянне сістэмы электронных пашпартоў транспартных сродкаў (чакаецца з 01.11.2019) для ажыццяўлення рэгістрацыі транспартнага сродку, які раней не быў у эксплуатацыі, рэалізаванага юрыдычнай асобай, зарэгістраванай у Беларусі, прадстаўленне яго для агляду ў ДАІ не спатрэбіцца.

У выпадку неабходнасці замены рэгістрацыйных знакаў у сувязі з іх стратай або крадзяжом прадстаўленне транспартнага сродку на агляд па месцы яго рэгістрацыі больш не спатрэбіцца. Выдача новых рэгістрацыйных знакаў зможа праводзіцца па акце агляду такога транспартнага сродку, складзеным рэгістрацыйным падраздзяленнем па месцы знаходжання транспартнага сродку, а таксама рэгіструючымі органамі іншых дзяржаў.

У выпадках, калі ўстаноўлена супадзенне ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку з рэквізітамі іншага транспартнага сродку, які знаходзіцца ў вышуку, і пацверджаная адсутнасць прыналежнасці гэтага транспартнага сродку да адшукванага, а таксама сапраўднасць ідэнтыфікацыйнага нумара, рэгістрацыйныя дзеянні будуць ажыццяўляцца ў агульным парадку, без абмежаванняў, з унясеннем адпаведнага запісу ў рэгістрацыйныя дакументы.

Акрамя таго, перад рэалізацыяй у грамадзянскі абарот спецыяльных транспартных сродкаў, якія маюць спецыяльную колераграфічную афарбоўку, светлавую і гукавую сігналізацыю, а таксама прызначаных для перавозкі каштоўнасцяў і інкасацыі, зняцце з уліку будзе рабіцца толькі пасля дэмантажу адпаведнага абсталявання і ліквідацыі колераграфічнай афарбоўкі.

belapan.by

Фота av.by