Справа 1938. “Польскія фашысты-манархісты, шпіёны і тэрарысты…”



Украіна адкрыла архівы спецслужбаў. Цяпер кожны ахвочы можа азнаёміцца з некалі сакрэтнымі дакументамі, што тычацца самай уплывовай ў свеце тайнай паліцыі, якая ў розныя часы называлася ЧК, ОГПУ, НКВД, МГБ і КГБ.

У архівах Службы Бяспекі Украіны багата матэрыялаў і на беларусаў. Сёння – першы аповед пра нашых рэпрэсаваных землякоў.

* * *

Да Другой сусветнай вайны ў Маскве ўпарта ўспрымалі Польшчу як патэнцыйную “савецкую сацыялістычную рэспубліку”, якая толькі па непаразуменні не ўваходзіць у склад СССР і якую трэба неадкладна вызваліць ад “польскага фашызма”. Каб падмацаваць абвінавачванне, у НКВД прыдумалі “Польскую Арганізацыю Вайсковую”, якая нібыта ставіла за мэту антысавецкае паўстанне. Але ж для гэтай справы этнічных палякаў у СССР заставалася зусім мала: большасць з іх ужо была ці расстраляная, ці сядзела ў лагерах.

І тады ролю “польскіх фашыстаў” вырашылі даць ураджэнцам Заходняй Беларусі.  Так па ўсім Савецкім Саюзе, у тым ліку і Украіне, пракацілася хваля арыштаў нашых землякоў.

2016-03-29_achromienka_uziatyja_na_ulik_1__01

“Уголовное дело 137153. Управление НКВД по Харьковской области. Корчиц Владислав Викентьевич. Уроженец Слонимского уезда Гродненской губернии. Из семьи кулаков. Закончил школу в Слониме, там же работал писарем. Служил в царской армии офицером. Перешел на сторону Красной Армии. Арестован 9 мая 1938 года. На момент ареста – начальник штаба 14-го стрелкового корпуса, преподаватель Харьковской Военно-хозяйственной академии. Завербован в «польскую организацию военную» по приказу Пилсудского, активный участник военно-фашистского монархического заговора…

Язэпа Пілсудскага ў 1938 годзе ўжо тры гады як не было ў жывых. Але гэта далёка не самае абсурднае абвінавачванне, якое абвясцілі Корчыцу. Супрацоўнікам НКВД трэба было сабраць як мага больш доказаў, і яны не цураліся нават відавочнай бязглуздзіцы.

“Уголовное дело 137153. Владислав Корчиц вредительски преподавал курсантам тактику, готовил террористические акты, по приказу руководства Польской организации войсковой, осуществлял диверсии в прачечном обслуживании курсантов Военно-хозяйственной академии…»

Ужо праз тыдзень Корчыц вызнаў, што сапраўды з’яўляецца польскім фашыстам і шпегам Пілсудскага.

Невядома, коштам чаго  з арыштанта выбілі такія прызнанні. Магчыма, гэта быў шантаж, біццё ці нейкія вытанчаныя катаванні, якімі заўсёды славіліся савецкія чэкісты.

“Уголовное дело 137153. Из показаний Владислава Корчица. Нашей задачей было свержение Советской власти и действия в пользу польского фашистского государства»…

У 1938 годзе такія словы аўтаматычна азначалі смяротны прысуд.

Але ж здарыўся цуд.

Спярша вышэйшае кіраўніцтва НКВД, якое прыдумала справу “польскіх фашыстаў”, апынулася на лаве падсудных як фашысты і трацкісты, і было расстралянае. А потым у Савецкім Саюзе і самі з задавальненнем пасябравалі з фашыстамі, з якімі паводле пакта Рыбентропа-Молатава і падзялілі Другую Рэчпаспалітую.

Уладзіслава Корчыца і тых зняволеных, якіх не паспелі расстраляць, выпусцілі на волю і нават аднавілі ў Чырвоным войску. Пасля вайны Корчыц зрабіў карказломную кар’еру, стаўшы генералам броні Войска Польскага. У 1954 годзе ён вярнуўся ў СССР, дзе праз дванаццаць гадоў памёр у званні генерал-палкоўніка Савецкай арміі.

Не выключаецца, што на сустрэчах ветэранаў генерал Уладзіслаў Корчыц бачыў і сваіх былых катаў з НКВД, якія таксама даслужыліся да генералаў, толькі іншых войскаў.

Цікава, пра што яны на тых сустрэчах гаварылі?

* * *

Наступным разам размова пойдзе пра тых беларусаў, якіх таксама катавалі ў НКВД, але зламіць якіх так і не змаглі.

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Беларускае Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўная справа “П-7495”