Справа аб збіцці Міхаіла Пішчэўскага будзе паўторна разгледжана ў судзе



Справа аб збіцціі Міхаіла Пішчэўскага будзе паўторна разгледжана ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Такое рашэнне прыняла калегія Менскага гарадскога суда, якая разгледзела 9 снежня касацыйную скаргу маці пацярпелага.

16 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў грамадзяніна Лукашэвіча вінаватым па ч. 1 арт. 339 і 155 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яго асудзілі да пазбаўлення волі на два гады і восем месяцаў, а таксама абавязалі кампенсаваць маральны ўрон, які быў ацэнены ў 100 млн. рублёў.

Бацькі Пішчэўскага абскардзілі прысуд, палічыўшы яго занадта мяккім.

„Сённяшняе рашэнне калегіі гарадскога суда сведчыць аб тым, суд першай інстанцыі не ўлічыў усіх абставін, – сказаў юрыст Павел Сапелка.

Самі па сабе гэтыя злачынствы павінны быць расследаваны, ім павінна быць дадзеная адэкватная ацэнка з боку дзяржавы і дзяржаўных органаў. Канкрэтна ў дадзеным выпадку прыналежнасць пацярпелага да той, ці іншай сацыяльнай групы не з’яўляецца кваліфікуючай прыкметай.

  Падчас разгляду касацыйнай скаргі пракурор прасіла судзейскую калегію павялічыць тэрмін пакарання Лукашэвічу да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Ноччу 25 траўня гэтага года Міхаіл Пішчэўскі быў моцна збіты на выхадзе з менскага клуба, у якім праходзіла гей-вечарынка. Урачы дыягнаставалі ў Пішчэўскага пералом чэрапа і кровазліццё ў мозг.

Беларускае Радыё Рацыя, паводле БелаПАН