Справа „БЕЛТА” набірае новыя абароты (абноўлена)



Апошнімі днямі адбыўся ўсплеск актыўнасці ў так званай „справе БЕЛТА” – аб несанкцыянаваным доступе да стужкі навінаў гэтага дзяржаўнага агенства. На гэтым тыдні на допыты ў Следчы камітэт выкліканы 6 супрацоўнікаў недзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і іншыя журналісты.

У прыватасці, 27 верасня ў якасці сведкі быў дапытаны выконваючы абавязкі дырэктара БелаПАН Зміцер Наважылаў. З яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні. Па словах Змітра Наважылава, гэтыя допыты ўсё новых супрацоўнікаў кампаніі перашкаджаюць нармальнай працы.

– Зразумела, гэта не спрыяе і не дапамагае. Але мы робім усё, каб ніякія знешнія абставіны істотна не ўплывалі на сутнасць нашай працы.

Як сказаў Зміцер Наважылаў, за час следства дапытана ўжо 7 супрацоўнікаў кампаніі. 5 як сведкі і 2 падазраваных. І допыты, верагодней за ўсё, будуць працягнуты. 

* * *

Па меркаванню юрыста праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянціна Стэфановіча, у так званай справе БЕЛТА – аб несанкцыянаваным доступе да платнай стужкі навінаў гэтага тэлеграфнага агенства, маюцца прыкметы пераследу за прафесійную дзейнасць, а таксама па палітычных матывах. Хаця раней старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч казаў, што гэтае „злачынства не прадстаўляе вялікай грамадскай небяспекі”, але, на думку Валянціна Стэфановіча, дзеянні следчых яўна непрапарцыйныя і маюць прыкметы прапагандысцкай кампаніі.

– Дэманстратыўныя вобшукі ва ўсіх рэдакцыях, затрыманне на трое сутак у пастарунку. Журналісты, якія падазраваныя па справе, не будуць паглыбляцца ў разважанні на тэму складу злачынства – было яно, ці не было. Розныя на гэтую тэму могуць быць погляды. Шмат хто кажа, што ў прынцыпе ўсё гэта магло вырашацца ў грамадска-прававым парадку. Калі нехта нанёс шкоду БЕЛТА, карыстаючыся бясплатна іх рассылкай, то няхай яны пакрыюць страты. У любым выпадку, неабходнасць у затрыманні на трое сутак у пастарунку, мне здаецца, не было.

Улады скарыстоўваюць гэтую сітуацыю для ціску і запалохвання супрацоўнікаў вядучых у краіне інтернет-выданняў БелаПАН і ТУТ.бай. Гэта інфармацыйныя рэсурсы, якія маюць шырокую аўдыторыю, папулярнасць і ўплыў. І таму ўлады вырашылі на іх, мякка кажучы, трошку націснуць, – лічыць Валянцін Стэфановіч.  

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя