“Справа гімназіста”: што скажа Вярхоўны cуд?



Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядае, што “справа Даната Скакуна” па-ранейшаму выклікае шмат пытанняў.

Нагадаем, што ў сацыяльных сетках працягваецца кампанія ў падтрымку Даната Скакуна – гімназіста, якога прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Многія не вераць у ягоную вінаватасць, а ў Фэйсбуку была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе. Адным з ініцыятараў кампаніі салідарнасці стаў экс-палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч: Мы працягваем змаганне за хлопца. Праўда, у апошнія некалькі дзён нічога не пісалі, бо не ведалі, ці дазволіў суд Данату і яго бацьку працягваць знаёміцца з пратаколамі судовых пасяджэнняў. Яны не паспелі азнаёміцца з усімі дакументамі, а фатаграфаваць матэрыялы ім забаранілі.

РР: Справа, напэўна ж, аб’ёмная?

Мікола Аўтуховіч: Усяго ў шасці тамах справы – 1800 старонак! І вось даводзіцца ад рукі ўсё перапісваць, хаця трэба сабе ўявіць, колькі на гэта спатрэбіцца часу. І, наколькі мне вядома, яны ўжо знайшлі многія несупадзенні з тым, што ёсць у справе, і з тым, што маецца на аўдыёзапісе судовых пасяджэнняў. А бацька мае ўсе такія запісы, і гэта будзе прыкладацца да абскарджвання. Дарэчы, калі будзе можна, мы пачнем выносіць на грамадскі разгляд фота- і аўдыёматэрыялы справы. А пакуль будзем чакаць, што скажа Вярхоўны суд.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН