Справа Коржыча ў Генпракуратуру дагэтуль не паступіла
Крымінальная справа пра давядзенне да самагубства ў Печах радавога Аляксандра Коржыча да гэтага часу не паступіла ў Генеральную пракуратуру Беларусі.
Паводле звестак БелаПАН, праводзіцца яшчэ адно следчае дзеянне, якое — пакуль не вядома. З прычыны гэтага фігуранты будуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы ў два этапы.
Нагадаем, пра завяршэнне расследавання СК абвясціў 19 красавіка.
У давядзенні да самагубства радавога 3-й вучэбнай танкавай роты 3-й школы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл ураджэнца Пінска радавога Аляксандра Коржыча абвінавачваюцца тры сяржанты з яго часткі. Ім інкрымінуецца ўчыненне злачынства па ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады). Гэты склад адносіцца менавіта да воінскіх злачынстваў. Крымінальная справа распачатая менавіта па ч. 3 арт. 455, а не па арт. 145 КК (давядзенне да самагубства), паколькі было здзейсненае службовае злачынства, якое пацягнула цяжкія наступствы.
Радавога Коржыча 3 кастрычніка мінулага года знайшлі павешаным ў падвале медыцынскай роты.