Справа пра “пікет у лесе” пераглядацца не будзе



Віцебскі абласны суд пастанавіў адхіліць пратэст пракурора Кірыла Дубава, што да спынення адміністрацыйных справаў пра “пікет у лесе”,  – пра затрыманне шасці жанчын, які займаліся скандынаўскай хадой за віцебскай ускраінай. Шасцёра жанчын, з якіх трое – пенсійнага ўзросту, каля 8-мі гадзін пратрымалі ў міліцыі, а потым накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Судовыя разбіральніцтвы паводле міліцэйскіх пратаколаў, складзеных “за правядзенне несанкцыянаванага пікетавання”,  скончыліся скасаваннем абвінавачання. Гарадская пракуратура памкнулася была аспрэчыць пастановы раённых судоў, але Віцебскі абласны суд не падтрымаў пракурорскі пратэст, распавяла віцебская актывістка Таццяна Севярынец:

– Пэўна, усё ж такі да самага маральнага нізу не здолелі апусціцца суддзі, якія заўсёды пацвярджалі несправядлівыя рашэнні раённых судоў пра “суткі”, пра вялікія штрафы. Усё ж такі нейкая прафесійная годнасць у іх яшчэ засталася – яны не здолелі пратэст гэты прыняць.

Суддзя абласнога суду Ірына Смалякова пакінула без зменаў рашэнне суддзі Кастрычніцкага райсуду Уладзіміра Царыкава, які скасаваў справы Раісы Кухто, Людмілы Валадкевіч і Людмілы Камінскай. Суддзя абласнога суду Святлана Іванова падтрымала рашэнне суддзі Першамайскага райсуду Веранікі Барысавай, якая не знайшла доказаў вінаватасці Алены Касновай і Таццяны Севярынец. Менавіта прысутнасць у групе аматарак фізкультуры вядомай віцебскай актывісткі падштурхнула міліцыянтаў да складання беспадстаўных пратаколаў пра няісны “пікет у лесе”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск