Справа Сцяпана Дубчука працягваецца
У Берасцейскім абласным судзе перанесены працэс па адміністрацыйнай справе жыхара вёскі Малыя Прылукі Кобрынскага раёна Сцяпана Дубчука.
Вяскоўца абвінавачваюць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Прычынай пераносу стала пасяджэнне медкамісіі ў сувязі з інсультам, які здарыўся з Дубчуком пасля апошняга судовага працэсу. Суддзя Пятро Цімашэнка апраўдаў Дубчука з-за адсутнасці складу правапарушэння. Але з гэтым не пагадзілася мясцовая пракуратура.
Замест трох гектараў зямлі Сцяпан Дубчук атрымаў інваліднасць, кажа ягоны сябра, дэмакратычны актывіст Аляксандр Мех:
– Хачу яшчэ раз звярнуць увагу на тое, чым займаецца ўлада і яе прадстаўнікі. Замест таго, каб падтрымаць людзей у іх законных патрабаваннях, яны ўзбуджаюць супраць іх розныя адміністрацыйныя справы. Гэта робіцца для таго, каб чалавека задавіць і падарваць яго здароўе.
Аляксандр Мех звяртаецца да слухачоў Радыё Рацыя з просьбай падтрымаць Дубчука, хто як можа.
Нагадаем, што 7 лістапада Сцяпан Дубчук падчас святкавання ўладамі 100-годдзя кастрычніцкай рэвалюцыі выйшаў на гарадскую плошчу з плакатам, дзе было напісана: „Зямля – сялянам! Калі?” Напярэдадні мясцовыя ўлады адмовіліся даць яму тры гектары зямлі для фермерскіх работ.
Беларускае Радыё Рацыя