Справа супраць тузіна студэнцкіх актывістаў накіраваная ў суд



Генеральная пракуратура накіравала ў Менскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні да 12 студэнцкіх актывістаў. Як паведамляе прэс-служба ведамства ім інкрымінаваная „арганізацыя ў перыяд са жніўня па лістапад 2020 года ў Менску групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак…”.

Раней тэлеграм-канал ініцыятывы „Задзіночанне беларускіх студэнтаў” паведаміў, што гэтая крымінальная справа накіраваная ў суд Савецкага раёна Менска. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, сярод абвінавачаных — былы асістэнт кафедры адной з ВНУ, маладыя людзі, у тым ліку студэнты сталічных універсітэтаў.

Раней  ужытую да ўсіх абвінавачаных меру стрымання пракурор пакінуў ранейшай — знаходжанне пад вартай. Як вядома, з 1 верасня і да канца мінулага года ў вядучых ВНУ Беларусі практычна штодня праходзілі акцыі салідарнасці. Студэнты і выкладчыкі збіраліся ўнутры будынкаў (на лесвічных пралётах, у холах), а таксама ля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, спявалі песні, пляскалі або стаялі моўчкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. У сацсетках студэнты дагэтуль расказваюць, што ў іх ВНУ і побач з імі перыядычна дзяжурыць міліцыя і сілавікі ў цывільным. У некаторых ВНУ зноў створаныя пасады прарэктараў па бяспецы займаюць супрацоўнікі КДБ, задача які сачыць за студэнтамі і выкладчыкамі і душыць настроі пратэсту.

12 лістапада ў офісе ініцыятывы „Задзіночанне беларускіх студэнтаў” і дома ў яе актывістаў прайшлі вобшукі, шмат хто быў затрыманы. Пад вартай застаюцца член Каардынацыйнай рады і дарадца Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям, а таксама Ксенія СырамалотЯгор Канецкі, Кася Будзько, Яна Арабейка, Арцём Вінакураў, Вікторыя Гранкоўская,  Улад Марціновіч, Марыя Каленік, Таццяна Якельчык. Усе яны прызнаныя палітзняволенымі.

Беларускае Радыё Рацыя