Справа Вячаслава Сіўчыка за ўдзел у акцыі 8 верасня будзе перагледжана



Адміністрацыйную справу ў дачыненні да Вячаслава Сіўчыка за ўдзел 8 верасня ў акцыі супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая была прымеркавана да неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы, перагледзяць у Мінгарсудзе па пратэсце пракурора.

Нагадаем, суд Партызанскага раёна Менска 28 верасня аштрафаваў палітыка на 45 базавых велічынь (1.035 рублёў), прызнаўшы яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Аднак, як паведаміў БелаПАН Сіўчык, 9 кастрычніка ён атрымаў паведамленне пра тое, што пракурор Партызанскага раёна падаў скаргу на пастанову суда. Справа з раённага суда сталіцы ў выніку накіроўваецца ў Менгарсуд.

У пратэсце раённай пракуратуры адзначаецца, што суд „правільна кваліфікаваў дзеянні” палітыка, аднак пастанова аб вынясенні штрафу „падлягае адмене для даследавання пытання аб прымяненні да названай асобы адміністрацыйнага спагнання, адпаведнага цяжару ўчыненага правапарушэння”.

„Як я разумею, у сённяшніх уладаў пачынаецца новы этап здзеку з права. Пракурор апратэставаў рашэнне суда, якім я рэпрэсаваны за святкаванне Дня беларускай вайсковай славы на штраф у 45 базавых велічынь. Пакрыўджаны несправядлівым прысудам пракурор патрабуе „справядлівасці”, — адзначыў палітык.

Паводле яго слоў, пракурор у пратэсце адзначыў, што Сіўчык прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці як у выглядзе штрафу, так і арышту. Пры гэтым неаднаразовае прымяненне адміністрацыйных пакаранняў „не аказала патрэбнага выхаваўчага эфекту і прафілактычнага ўздзеяння”, таму прымяненне больш мяккага пакарання „немэтазгоднае і не дазволіць у поўным аб’ёме дасягнуць мэты адміністрацыйнага пакарання”.

У сваёй заяве аб пераглядзе справы наконт адміністрацыйнага штрафу Сіўчык адзначае, што „дата 8 верасня — гістарычная для Беларусі”. „Гэта прыклад воінскага майстэрства нашых продкаў, які выкарыстоўваўся ва ўсёй Еўропе як узор удалай тактыкі барацьбы з нашмат большымі сіламі ворага. Гэта дата павінна святкавацца на дзяржаўным узроўні, а не выкарыстоўвацца для пакарання ўладамі палітычнай апазіцыі. Лічу, што спроба прыцягнення мяне да адказнасці незаконная і парушае мае правы”, — гаворыцца ў заяве палітыка, размешчанай у „Фэйсбуку”.

belapan.by