Справа за бел-чырвона-белы сцяг спынена



У Гародні працягваўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Сяргея і Вольгі Верамеенкаў.

Іх вінавацілі паводле артыкула 23.34 часткі 3 адміністрацыйнага кодэкса – правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Фотаздымкі з нацыянальным сцягам, якія былі размешчаны у сацыяльнай сетцы інтэрнэту міліцыянты палічылі пікетам. Суддзя Ленінскага раённага суда Руслан Гурын у выніку перапыніў вытворчасць па адміністрацыйнай справе з-за адсутнасці складу правапарушэння.

Вольга Верамеенка так пракаментавала рашэнне суда:

– Каб сказаць, што гэта было нечакана, то калі шчыра – дзесьці ў глыбіні душы я падазравала, што можа быць прынята такое рашэнне. Бо, па-першае, адразу, калі была сфабрыкавана гэтая справа, я сказала, што гэта ініцыятыва Вайцешкі. І калі гэта не загад зверху, то можа быць на нашу карысць вырашана справа. А пасля быў вялікі розгалас.

Перанос судовага паседжання на 30 траўня быў звязаны з выклікам міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які з-за паважных прычынаў не з’явіўся ў залу суда. Менавіта ён фабрыкаваў справу супраць Верамеенкаў. Кажа па заканчэнні суда Сяргей Верамеенка:

– Рашэнне суда абсалютна лагічнае і законнае. І мы павінны радавацца нават таму, што яно менавіта такое, якое ёсць. І мы яго не чакалі, бо, як бачыце, нават з торбамі, заплечнікамі прыйшлі. Буду пісаць абавязкова і на спадара Вайцешку, і на спадара Казлоўскага – на ўсіх, хто прымаў удзел у гэтым паклёпніцкім акце. Гэта ганебная сітуацыя не толькі ў дачыненні да нас, але і да нашых нацыянальных сімвалаў.

На судовае паседжанне Сяргей і Вольга Верамеенкі прыйшлі з асабістымі рэчамі на выпадак, калі б іх засудзілі да адміністрацыйнага арышту.  Такое апраўдаўчае і справядлівае рашэнне суда, на думку некаторых назіральнікаў, ніяк не звязана з пераменамі ў правасуддзі. Суд застаецца палітычным апаратам пры разглядзе грамадска-палітычных спраў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара