«Справаводства па-беларуску» ад Ігара Случака



На гарадзенскія курсы «Мова Нанова» завітаў аўтар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак.

Чалавек, які дабівацца зменаў у законе, чыімі намаганнямі да адказнасці прыцягваюцца людзі, якія абражаюць беларускую мову.

Ігар распавёў гарадзенцам як пачаліся яго першыя крокі да зменаў у беларускім заканадаўстве

— Яно ўсё пачалося з 2009 года. Я тады яшчэ вучыўся ў Эстоніі і мяне дэлегавалі на З’езд беларусаў свету. На тым з’ездзе я пабачыў як выступаў Павел Латушка, беларускі міністр культуры, які абяцаў зрабіць сваё міністэрства цалкам па-беларуску, таксама там выступаў Стэфан Эрыксан, амбасадар Швецыі. І на тых добрых прыкладах я падумаў: А чаму не паспрабаваць зрабіць каб усе іншыя міністэрствы і чыноўнікі таксама гаварылі па-беларуску? І пачалася такая вось перапіска з чыноўнікамі і міністэрствамі, каб было справаводства па-беларуску.   

Адна з арганізатарак сустрэчы вядоўца курсаў Інга Сакута ўпэўнена, што менавіта такія людзі як Ігар абараняюць правы беларускай мовы:

— На жаль, у нашай краіне сітуацыя склалася так, што афіцыйна мы маем двухмоўе, але насамрэч так не адбываецца, і беларуская мова цяпер знаходзіцца нават не трошкі, а нармальна ў прыцісненні ў параўнанні з расейскай мовай, таму я лічу, што файна, калі ёсць людзі, да якіх можна звярнуцца, і якія самі звяртаюцца, праяўляюць ініцыятыву і абараняюць моўныя правы беларускай мовы. Каб было заканадаўства па-беларуску, каб адукацыя была па-беларуску.

Апроч  сустрэчаў з навучэнцамі курсаў Мова Нанова Ігар наведаў вялікі гарадзенскі супермаркет «Еўраопт», дзе гандляры размаўляюць па-беларуску і вядуцца адмысловыя курсы для касіраў, каб тыя размаўлялі па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня