Справаздачы дэпутатаў – чарговы вынік кампаніі ’’Народны кантроль’’



У Берасці дэпутат мясцовых Саветаў па выбарчай акрузе №37 Аляксандр Шокаў зрабіў справаздачу перад выбаршчыкамі аб сваёй дзейнасці за паўгады ў газеце ’’Брэсцкі веснік’’. Такі чарговы вынік кампаніі ’’Народны кантроль’’, ініцыятарамі якой выступілі актывісты грамадскай ініцыятывы ’’Сацыяльны офіс’’.

У чэрвені гэтага году актывісты грамадскай ініцыятывы ’’Сацыяльны офіс’’ даслалі ліст старшыню Берасцейскага гарадскога Савету дэпутатаў Мікалаю Красоўскаму. У ім яны нагадвалі аб неабходнасці справаздачы народных абраннікаў перад сваімі выбаршчыкамі раз на паўгады ў мясцовай прэсе згодна законаў.

Актывіст ’’Сацыяльнага офісу’’ Юры Жыдовіч перакананы, што пэўныя зрухі ў працы дэпутатаў ёсць, але іх не дастаткова:

– Гэта ўжо слушныя зрухі ў лепшы бок, але нам хацелася бы, каб астатнія дэпутаты таксама змясцілі справаздачы і рабілі бы гэта рэгулярна, а таксама каб змясцілі на сайце дадатковую інфармацыю пра тое, калі і дзе з імі могуць сустрэцца выбаршчыкі.

 – Таксама на сайце Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту варта змясціць інфармацыю аб тым, дзе знаходзіцца прыёмная дэпутат і ў якія гадзіны яны прымаюць грамадзян, – дадаў Юры Жыдовіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце