Справу аўтараў Рэгнума Мінгарсуд пачне разглядаць 18 снежня
Справу беларускіх аўтараў Рэгнума Менскі гарадскі суд пачне разглядаць 18 снежня. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка аднаго з абвінавачваных Любоў Паўлавец.
Тэрмін утрымання пад вартай траіх фігурантаў справы падоўжаны да 17 снежня, адзначыла яна.
У снежні 2016 года былі затрыманыя і ўзятыя пад варту Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін і Сяргей Шыпценка — беларускія грамадзяне, якія рыхтавалі матэрыялы па ўнутрыпалітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі для некаторых расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў і СМІ, у тым ліку Рэгнума.
Спачатку былі затрыманыя і ўзятыя пад варту два аўтары Рэгнума, а таксама сайтаў „Лента.ру” і „ЕАДэйлі”: выкладчык БДУІР Паўлавец (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў) і вартаўнік з Брэста Алімкін (псеўданім Ала Бронь). Затым з’явілася інфармацыя пра затрыманне мінчаніна Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор’еў).
„У ходзе праведзеных вобыскаў атрыманы звесткі аб замешанасці названых асоб у супрацьпраўнай дзейнасці і атрыманні імі грашовых узнагарод за падрыхтоўку заказных публікацый ад грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які пастаянна жыве ў Маскве. Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць”, — паведаміў тады Следчы камітэт.
Алімкіну прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, учыненае групай асоб), Паўлаўцу — па ч. 3. арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), Шыпценку — па ч. 3 арт. 130 КК і ч. 1 арт. 233 КК.
Чацвёртаму фігуранту справы Юрыю Баранчыку, грамадзяніну Беларусі, шэф-рэдактару Рэгнума, завочна прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК, завочна абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, хоць вядома, што знаходзіцца ў Расіі.
26 кастрычніка МЗС Расеі заклікаў беларускі бок „максімальна адказна” падыходзіць да разгляду крымінальнай справы аўтараў Рэгнума „ў строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, перш за ўсё ў плане захавання свабоды выказвання меркаванняў”. Заяву зрабіла афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства РФ Марыя Захарава.
belapan.by