Справу беларускіх прафсаюзаў абмеркавалі ў Бруселі



Як паведамляецца на сайце Глабальнага саюза IndustriALL, у Бруселі дэлегацыя міжнародных прафсаюзных арганізацый сустрэлася з высокапастаўленымі службовымі асобамі Еўрапейскага звяза. Глабальны саюз IndustriALL, Еўрапейскі Саюз IndustriALL, Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (МКП) праз Усееўрапейскую рэгіянальную рады (УЕРР) і Еўрапейскую канфедэрацыю прафсаюзаў (ЕКП) паінфармавалі кіраўніцтва ЕЗ пра пагаршэнне сітуацыі з захаваннем прынцыпаў дэмакратыі і асноўных правоў у Беларусі.

Чальцы прафсаюзнай дэлегацыі выказалі абурэнне і занепакоенасць з нагоды адсутнасці дэмакратычных свабодаў у Беларусі, якое прыводзіць да знішчэння грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежных прафсаюзаў.

Беларускія ўлады па надуманых прычынах у парушэнне нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў сістэматычна адмаўляюць структурам незалежных прафсаюзаў у рэгістрацыі.

На працягу многіх гадоў практычна на кожнай Міжнароднай канферэнцыі працы Беларусь працягвае знаходзіцца пад пільнай увагай. Камітэт МАП па ўжыванні стандартаў неаднаразова згадваў Беларусь ўу адмысловым параграфе свайго дакладу. Такая працэдура прадугледжана ў выпадку пастаянных і сур’ёзных парушэнняў правоў працоўных, у тым ліку правоў, замацаваных у асноўных працоўных стандартах.

«Мы спадзяемся, што Еўрапейскі звяз будзе і надалей у рамках дыялогу з беларускім урадам надаваць першарадную ўвагу правам чалавека, прафсаюзаў і працоўных. Сітуацыя ў Беларусі крытычная, а ў Еўрапейскага звяза ёсць рычагі, каб змяніць сітуацыю на карысць беларусаў і працоўных краіны», – сказаў Люк Трайэнгл, генеральны сакратар Еўрапейкага Саюзу IndustriALL.

Міжнародныя арганізацыі паднялі пытанне пра «справу прафсаюзаў», калі ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва і пры адсутнасці пераканаўчых доказаў двух лідараў Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прыгаварылі да выплаты вялізнага штрафу, чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і забаранілі ім на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады.

У сумесным лісце, адрасаваным віцэ-прэзідэнту Магерыні, Вярхоўнаму прадстаўніку Еўрапейскага звяза па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕЗ, МКП, IndustriALL, ЕКП і IndustriALL Еўропа асудзілі прысуд і рашэнне аб адхіленні апеляцыі.

Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі лічаць прысуд палітычна матываваным і ўпэўненыя, што ён быў вынесены ў адплату за актыўную пазіцыю прафсаюза. Прысуд ўяўляе сабой спробу пасеяць страх сярод актывістаў і перашкодзіць ім супрацьстаяць бесчалавечнаму Дэкрэту „Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», таксама вядомага як Дэкрэт «аб дармаедах».

Фядыніч і Комлік сталі палоннымі ў сваіх кватэрах, яны абмежаваныя ў перасоўванні, а ў пэўныя гадзіны сутак, выхадныя і святочныя дні ім забаронена выходзіць з дому на вуліцу.

Міжнародныя прафсаюзы лічаць, што павага прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і правоў прафсаюзаў павінна быць у ліку прыярытэтаў планаванага партнёрства паміж ЕЗ і Беларуссю, а прававыя нормы Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах павінны быць у спісе рэкамендацый.

Між тым, з 1 студзеня 2019 года сумна вядомы Дэкрэт №1 ўступіў у сілу. Ён змяшчае элементы прымусовай працы і стварае дадатковыя спосабы маніпулявання правамі работнікаў у дадатак да сістэмы кароткатэрміновых кантрактаў. У рамках рэалізацыі новага дэкрэта была створаная спецыяльная база дадзеных, аднак з-за яе непразрыстасці жыхары краіны сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі.

spring96.org