Справу бярозаўскай журналісткі адправілі на дапрацоўку



У судзе Ленінскага раёна Берасця прайшоў разгляд справы незалежнай журналісткі з Бярозы Тамары Шчапёткінай.

IMG_8525

Супраць яе была заведзена новая адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі на замежны сродак масавай інфармацыі. Журналістку абвінавачваюць у падрыхтоўцы інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Мілітовічам для „Беларускага Радыё Рацыя”.

Паводле матэрыялаў справы, Тамара Шчапёткіна 8 студзеня правяла з міліцыянтам гутарку, якая пазней з’явілася на сайце радыё. Сённяшні суд вярнуў справу на дапрацоўку:

– Яўна, што гэта справа не міліцыі, але зноў робіцца міліцэйскімі рукамі, як гэта рабілася ў першай справе, якую разглядалі 17-га снежня. Ёсць дакладныя, ёсць інфармацыя сабраная КДБ, мой вялікі фотаздымак, які на „Рацыі” быў, усё пра Бельчукоў, пра тое, што мяне судзілі, як і якім чынам я пакараная. Міліцыянты выконваюць брудную справу.

Гэта не першая справа заведзеная супраць Тамары Шчапёткінай за працу без акрэдытацыі. У снежні летась журналістку ўжо пакаралі штрафам у 30 базавых велічыняў па тым жа артыкуле.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, летась міліцыя ўзбуджала як мінімум 14 спраў у дачыненні да журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Сёлета таксама ўжо адбыўся суд над журналісткай Алінай Літвінчук.

Беларускае Радыё Рацыя