Справу Эдуарда Пальчыса перадалі ў суд
Матэрыялы крымінальнай справы Эдуарда Пальчыса накіраваныя ў суд, паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Менска Юлія Ляскова.
„Пра дату пачатку слуханняў і фармат будзе паведамлена дадаткова”, — напісала яна ў Фэйсбуку.
У паведамленні Лясковай прозвішча Эдуарда Пальчыса не называецца, але ў каментарах яна ўдакладняе, што гаворка ідзе менавіта пра адміністратара сайту 1863x.com.
Беларускі блогер і заснавальнік вядомага сайту 1863x.com, жыхар Ліды Эдуард Пальчыс быў арыштаваны ў Расеі і ўвесну выдадзены праваахоўнікам Беларусі. Раней у Беларусі на Эдуарда Пальчыса завялі крымінальную справу па абвінавачаньні ў распальванні варожасці і распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфічных матэрыялаў. Пальчыс з абвінавачваннямі не згодны. Праваабаронцы не выключаюць палітычных матываў пераследу заснавальніка вядомага сайту, але канчатковага рашэння аб прызнанні яго палітвязьнем пакуль не прынялі.
Беларускае Радыё Рацыя