Справу Паўла Станеўскага ізноў адправілі на дапрацоўку



Гарадзенец Павал Станеўскі пакуль ніяк не можа праз суд апраўдаць сябе. А яго справу ўжо другі раз адпраўляюць на дапрацоўку.

Яго схапілі АМАПАўцы ў цэнтры Гародні, пасля чаго збілі, і ноч Станеўскі правёў у мурах мясцовай турмы. Абласны суд не прызнаў рашэнне выязнога суда, і накіраваў на дапрацоўку. Цяпер жа, суддзя Леніскага раённага суда Алена Пятрова ізноў, пераглядаючы справу, Паўла не апраўдала, а накіравала „шытую белымі ніткамі” адміністрацыйную  справу пацярпелага на выпраўленне міліцыі.

Кажа праваабаронца Раман Юргель, які быў на судовым паседжанні:

– Усім было смешна – і суддзі, і сакратару, і прадстаўніку РАУСа, што так складзены пратакол. Але дадзена каманда больш такія справы не вяртаць, не пераглядаць, і не закрываць гэтыя справы. А зараз ізноў дадзена, відаць, каманда гэтыя справы па-новаму разглядаць. Таму што патрэбныя гэтыя штрафы АМАПАўцам за тое, што збіваюць мірных грамадзян.

Гарадзенец Павал Станеўскі ў паслявыбарчы жнівень быў незаконна схоплены АМАПАўцамі без знакаў адрознення, і асуджаны ў турме  на выязным судзе з парушэннямі ўсіх працэдураў, з хлуслівымі сведчаннямі АМАПу. Ён дамагаецца праз суд справядлівасці: прызнання яго невінаватым паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня