Справу пра забойства Астроўскага будуць даследаваць эксперты



Суд запросіць экспертаў, якія будуць даследаваць крымінальную справу па факце смерці бацькі прафесара Алеся Астроўскага – Аляксандра. Суддзя Кастрычніцкага раённага суда Гародні, Дзмітрый Цівунчык працягнуў разгляд крымінальнай справы, дзе зачытаў вынікі экспертызы з Менску.

Папярэдняя экспертыза, якая была выканана гарадзенскай судмедэкспертызай не дала адказаў на многія пытанні пад час суда, кажа яго сын Алесь:

– Нарэшце пастаўлена кропка ў пытанні, што за кроў была на вопратцы бацькі. Не ведалі, што гэта яго ўласная кроў. Хутчэй за ўсё яна паходзіць ад разрыву лёгкіх, пераламаныя рэбры, разарвалі тканку лёгкіх, было кровацячэнне і харканне крывёй, хутчэй за ўсё непасрэдна перад смерцю. Сведкі гэтых падзей нідзе не ўзгадваюць гэтую кроў, яна з’явілася толькі па выніках аналізу матэрыялаў ускрыцця і аналізаў яго вопраткі. Атрымліваецца сітуацыя, што калі ён паступаў у шпіталь, то крыві на ім не было.

25-га сакавіка 2013-га года, Аляксандр Астроўскі атрымаў пашкоджанні, пасля якіх завезены ў шпіталь хуткай дапамогі ў сярэднім стане цяжкасці. Але праз некаторы час ён памёр ад пашкоджанняў, якія сталі прычынай смерці. Следства абвінаваціла чалавека, які аказаў яму дапамогу і давёз да шпіталя, але факты не даводзяць яго віны ў смерці чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня