Справу супраць журналіста закрылі, хоць ён пра яе і не ведаў



Справа пра адміністрацыйнае парушэнне ў дачыненні да журналіста нашага Беларускага Радыё Рацыя закрыта ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Віталь Сямашка атрымаў уведамленне за подпісам намесніка начальніка Лідскага РАУС Л.П. Пракопчыка, хоць нават не ведаў, што справа ў дачыненні да яго ўвогуле існавала. Журналіст адзначае, што апошнім часам шмат тэмаў прысвяціў сітуацыі ў Лідзе і на Лідчыне, якая афіцыйна выглядае вельмі добра:

І тут раптам высвятляецца, што і беспрацоўе ёсць, і людзі не больш за тры мільёны атрымліваюць, і праблемаў на прадпрыемствах шмат. Усё гэта было адлюстравана ў маіх матэрыялах. Гэта выклікала вельмі нервовую рэакцыю кіраўніцтва, якое цалкам магчыма дало «замову» ў КДБ. У выніку супрацоўнік КДБ прыходзіў да траіх маіх выступоўцаў на працу. Адзін з іх – кіраўнік філіі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў, другі – працоўны аднаго з прадпрыемстваў, а трэці – Сяргей Сідарэнка, моладзевы актывіст і супрацоўнік завода «Оптык».

У суразмоўцаў, якія давалі каментары нашаму журналісту, пыталіся пра тое, ці ведаюць яны Віталя Сямашку, ці прадставіўся ён ім, ці меў пры сабе пасведчанне і якія задаваў пытанні, ці не «гвалціў» іх сваімі пытаннямі. Журналіст ведаў пра гэта, але са свайго боку ніякіх дзеянняў не прадпрымаў.

Пазней Віталь Сямашка атрымаў уведамленне пра закрыццё адміністрацыйнай справы па артыкуле 22.9 ч.2 КоАП РБ, які тычыцца парушэння заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Справа, як пазначана ў паперы, вялася па факце вядзення незаконнай прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага СМІ.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя