Справу Яўгена Скрабца адправілі на дапрацоўку
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да журналіста-фрылансера з Берасця Яўгена Скрабца адпраўлены на дапрацоўку. Пра гэта яму паведамілі сёння ў будынку суда, калі той прыйшоў на разгляд сваёй справы.
Падставай для пратаколу стаў чарговы матэрыял, размешчаны сайце Беларускага Радыё Рацыя. Згодна з пратаколам, Яўгена Скрабца хочуць прыцягнуць да адказнасці, прадугледжанай часткай 2 артыкула 22.9 „праца на замежны СМІ без акрэдытацыі”.
– Пратакол сёддзём быў назад у РАУС адпраўлены на дапрацоўку. Я казаў, каб мне выдалі пастанову пра адпраўленне на дапрацоўку. Яны яе выдалі. І таксама сказаў адзначыць мне позву, што я быў у судзе, і што не выйду адсюль, пакуль не адзначаць, бо ў мяне асноўная праца ёсць. І я ў працоўны час тут знаходжуся. Яны ўсё адзначылі.
Яўген Скрабец не лічыць, што справу ў выніку спусцяць на тармазах. Гэта ўжо шостая спроба прыцягнуць яго да адказнасці.
У трох выпадках ён быў пакараны штрафамі, адна справа скончылася на карысць журналіста-фрылансера.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя