Справу за рэпост кліпу гурта Rammstein спынілі



Справа гарадзенца Андрэя Галавенкі, якога хацелі прыцягнуць да крымінальнальнай адказнасці за рэпост спасылкі кліпа гурта Rammstein, – спынілі.

Кажа Андрэй Галавенка:

– Хачу падзякаваць людзей за дапамогу. Калі б не яны, то была б, верагодна, крымінальная адказнасць. Нават прадстаўнікі гурта Rammstein выходзілі на мяне і гатовыя былі дапамагчы. Але грошы я  ўжо сабраў.

На думку гарадзенскага праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, справа Галавенкі была абсурднай:

– Недасканалае заканадаўства, рэпрэсіўнае ў значнай ступені. Але трэба аддаць належнае органам, якія вялі следства, пракуратуры, таму што тое, што гэта справа ўрэшце з крымінальнай ч.2 арт. 343 Крымінальнага кодэксу была перакваліфікаваная паводле арт.86 , а менавіта „вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай”. Андрэй Галавенка заплаціў толькі штраф – 50 базавых. Гэта вельмі добры зыход і для яго, і для грамадзянскай супольнасці.

Праваабаронца ўпэўнены, што падобныя справы ў Беларусі будуць працягвацца і, на яго думку, адміністрацыі сацыяльных сетак таксама мусяць бараніць сваіх карыстальнікаў .

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Гарадзенская Вясна