«Справядлівы свет» патрабуе справядлівасці ў справе Чарнобыля



Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» патрабуе ад уладаў прыняцця новага закона аб сацыяльнай абароне ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і грамадзян, якія пражываюць на пацярпелых тэрыторыях. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай на пасяджэнні бюро цэнтральнага камітэта партыі. Гэты закон, лічаць у арганізацыі, павінен прадугледжваць у тым ліку «вяртанне ліквідатарам усіх адабраных ільготаў і сацыяльных гарантый», – кажа старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін:

– З нагоды 30-годдзя Чарнобыля мы прынялі заяву. Патрабуем ад беларускай улады, каб яны зрабілі дзве рэчы. Па-першае, павінны прыняць комплексную праграму адраджэння тэрыторый, якія былі забруджаны. Па-другое, вярнуць тыя ільготы, якія пяць год таму Лукашэнка забраў у ліквідатараў, якія існавалі раней. Закон і праграма былі, яны кожны год прымаліся. А потым улады проста спынілі гэта рабіць.

У заяве партыі левых «Справядлівы свет» таксама адзначаецца, што пасля аварыі «з высокіх дзяржаўных трыбун рабіліся заявы пра тое, што пацярпелыя тэрыторыі будуць цалкам адноўленыя. Аднак і праз 30 гадоў узровень жыцця ў большасці пацярпелых раёнах знізіўся. Беспрацоўе, заняпад эканомікі, нізкі ўзровень медычнага абслугоўвання і сацыяльнай абароны, абыякавасць улады – такая сённяшняя рэальнасць для людзей, апаленых Чарнобылем», – гаворыцца ў дакуменце.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя