Спрэчка за мову з мытняй



У судзе Маскоўскага раёна Берасця адбыўся разгляд скаргі вядомага беларускага палітыка Алеся Міхалевіча на супрацоўніка Берасцейскай мытні.

Нагодаю стала сітуацыя на пункце мытнага афармлення “Варшаўскі мост”:

– Сутнасць справы ў тым, што некалькі месяцаў таму, калі я пераязджаў берасцейскі памежны пераход, супрацоўніца мытні на маю ветлівую просьбу перайсці на беларускую мову, адмовілася гэта зрабіць. Яна сказала, што яна не абавязана. Пасля яны паклікалі супрацоўніка, які са мной размаўляў па-беларуску. Я напісаў заяву ў “Кнізе заўвагаў і прапаноў”. Пасля па выніках разгляду гэтай заявы яны прызналі, што ніякіх парушэнняў не было. Я вырашыў дайсці да суда. Абскардзіў гэта ў Мытны камітэт і падаў у суд.

Падчас судовага разгляду, старшы інспектар ПМА “Варшаўскі мост” Алеся Пахомава і намесніца кіраўніка юрыдычнага аддзела Берасцейскай мытні Ірына Лявіцкая карысталіся беларускай мовай і са скаргай не пагаджаліся:

– Я праводзіла мытны кантроль і падчас яго ад кіроўцы транспартнага сродка пачула некалькі разоў адну і тую ж фразу: “Скажыце хоць слова па-беларуску. Тады скаргу не напішу”. Папрасіў “Кнігу заўваг і прапаноў”.

Суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Таццяна Гаргадзэ абвесціць рашэнне 13 снежня ў 9:30 раніцы.

Беларускае Радыё Рацыя