Спроба самагубства ў цэнтры Гомеля



У цэнтры Гомеля жанчына спрабавала скончыць жыццё самагубствам, скочыўшы з пешаходнага моста над ракой Сож. Здарэнне адбылася на вачах у тысячаў гараджанаў, якія ў гэты момант адпачывалі на пляжы.

У разгар летняга спякотнага дня дзяўчына зайшла на дугу адной з фермаў моста праз Сож. Вышыня фермаў складае каля 30-35 метраў над узроўнем вады. Адразу на месца здарэння прыбылі міліцыянты і выратавальнікі, на вадзе дзяжурылі вадалазы. Некаторы час жанчына хадзіла па дузе, аднак калі адзін з выратавальнікаў паспрабаваў паразмаўляць з дзяўчынай, тая скочыла ўніз.

Вадалазы-выратавальнікі спрацавалі аператыўна – жанчына засталася жывой. За спробай скончыць жыццё самагубствам назіралі тысячы гамяльчанаў, у тым ліку і дзеці, якія на той момант адпачывалі на цэнтральным гарадскім пляжы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель