Спякота захаваецца да канца тыдня



Берасцейскія сіноптыкі не абнадзейваюць – да канца тыдня чакаеца спякота, а бліжэй да выходных – з навальніцамі і дажджамі. Устойлівае спякотнае надвор’е можа стаць прычынаю раптоўных ураганаў, альбо моцных, але кароткачасовых ападкаў.

Супрацоўніца Пінскага міжрэгіянальнага метыяралагічнага цэнтру Святлана Войцюх падкрэсліла, што пакуль прыходзіцца фіксаваць анамальную спёку, не характэрную для вобласці:

-На тэрыторыі Пінска і раёна ўсталявалася спякотнае, сухое надвор’е. Сярэднесуткавая тэмпература паветра перавышае шматгадовыя паказчыкі на 5-7 градусаў і складае 24-26 градусаў. Учора паветра прагрэлася да 32 градусаў. Спякотнае, сухое надвор’е захаваецца да канца тыдня. Днём на большай частцы тэрыторыі вобласці паветра прагрэецца да 30 градусаў.

На ўсёй Берасцейшчыне забаронена наведваць лясы, сухія балотныя мясціны і жніво асобам, якія не задзейнічаны ва ўборцы. Акрамя гэтага, з-за спёкі некаторыя вадаёмы сталі нягоднымі для купання, таму неабходна ўдакладняць інфармацыю ў рэгіянальных цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя