Спыніць гвалт і беззаконне ў нашай краіне!
Заява кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў Беларусі.
У нашай краіне адбываюцца драматычныя, трагічныя падзеі, прычынай якіх паслужыла кампанія па выбарах Прэзідэнта. Шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства падчас агітацыйнай кампаніі і фальсіфікацыі пры падліку галасоў не дазваляюць лічыць, што гэтыя выбары адбыліся. Дзеянні сілавых структур пры падаўленні справядлівых пратэстаў мірных грамадзян па ўзроўні нялюдскасці і жорсткасці нагадваюць зверствы сталінскіх катаў у перыяд рэпрэсій 1930-х гадоў і фашысцкіх акупантаў у часы Другой сусветнай вайны.
Афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі развязаная кампанія істэрыі, нагнятання чутак пра пагрозы звонку і захопе краіны, шальмавання тых, хто настойвае на выкананні ўладамі закона і справядлівасці, выступае за еднасць нацыі. Як і ў сталінскія часы, простых людзей спрабуюць увесці ў зман, прыпісваючы лідэрам пратэсту злачынствы, якія яны не здзяйснялі. Удзельнікі мірных і законных пратэстаў падвяргаюцца ціску на працы і судовым пераследам. Для арганізацыі акцый у апраўданне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс і бюджэтныя сродкі.
Галоўная адказнасць за маштабны крызіс, які разрастаецца ў Беларусі, ляжыць персанальна на Аляксандры Лукашэнку, які для захавання свайго становішча пайшоў не толькі на перавышэнне ўлады, але і ўзняў зброю на свой народ.
У мэтах стабілізацыі становішча ў краіне, аднаўлення законнасці і выканання народнага волевыяўлення, мы патрабуем ад дзяржаўных органаў:
Неадкладна выкарыстаць існуючы законны шлях выхаду з палітычнага крызісу, правесці паўторныя выбары ў вызначаны Канстытуцыяй тэрмін, з новым складам выбарчых камісій усіх узроўняў, сфармаваных па дэмакратычных прынцыпах;
Неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і ўсіх затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, не перашкаджаць ім свабодна збірацца і выказваць сваё меркаванне;
Спыніць пераслед чальцоў Каардынацыйнай рады і стварыць умовы для агульнанацыянальнага дыялогу пад эгідай АБСЕ;
Пачаць расследванне фактаў парушэння выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і фактаў масавага гвалту і забойстваў грамадзян падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў;
Прадаставіць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі свабодную трыбуну для прадстаўнікоў усіх пунктаў гледжання, арганізаваць дыскусію аб становішчы ў краіне з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў;
Правесці круглы стол аб сітуацыі ў Беларусі і шляхах выхаду з крызісу з удзелам прадстаўнікоў уладных структур і грамадскасці, у тым ліку Каардынацыйнай рады;
Мы падпісваем гэтую заяву індывідуальна, бо лічым, што ў такой сітуацыі кожны павінен выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У бліжэйшы час мы маем намер звярнуцца да сяброў нашых арганізацый з прапановай яе падтрымаць.
Заклікаем кіраўнікоў усіх іншых грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў далучыцца да гэтай заявы.
Алена Анісім, старшыня Грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы”
Ігар Агурцоў, каардынатар прававой ініцыятывы “Вяршынства закону”
Васіль Астроўскі, старшыня Мінскай абласной грамадскай арганізацыі “Таварыства абароны спажыўцоў”
Таццяна Бярнацкая, кіраўнік Цэнтру дасуга дарослых і дзяцей “Эка Жыццё”
Алег Волчак, старшыня ПЦ „Прававая дапамога насельніцтву”
Яніна Ганчарова, старшыня Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Палата моды”
Таццяна Зялко, старшыня Беларускага рэспубліканскага Саюзу пенсіянераў “Нашае пакаленне”
Сяргей Драздоўскі, старшыня Грамадскай арганізацыі „Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
Уладзімір Колас, старшыня Грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі”
Алесь Лозка, старшыня Грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай школы
Алена Макоўская, кіраўніца Задзіночання беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі неўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі
Сяргей Міхаленка, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў
Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага хельсінскага камітэту
Барыс Пятровіч (Сачанка), Старшыня рады Грамадскай арганізацыі „Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Юрась Піскун, старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў
Ігар Раханскі, сябра рады Грамадскага аб’яднання “Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і гістарычных мясцінах «IKAMOC»
Таццяна Сініца, заснавальніца Iнфармацыйнай сацыяльна-дабрачыннай установы дапамогi дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і членам іх сем’яў «ФрыМОВА»
Тадэуш Стружэцкі, старшыня Грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд культуры”
Дзмітры Сурскі, старшыня Грамадскай арганізацыі “Беларускі Саюз дызайнераў”
Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады Грамадскай арганізацыі “Задзіночанне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Генадзь Федыніч, кіраўнік Рэспубліканскага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці
Таццяна Яворская, старшыня Асветніцка – сацыяльнага грамадскага аб’яднання “Звяно”
Заява прынятая на паседжанні Аргкамітэта Усебеларускага круглага стала 27.08.2020г.
Жадаючых далучыцца просім паведамляць на адрас: [email protected]