Спыніць каронавірус нельга, мінімізаваць наступствы можна
Чалавечы арганізм здольны фарміраваць імунітэт супраць каронавіруса.
Пра хаду супрацьстаяння распаўсюду інфекцыі ў Беларусі падчас брыфінгу ў Менску распавёў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік:
– Мы па-ранейшаму гэтую сітуацыю расцэньваем як стабільную і кантралюемую. Прайшла інфармацыя, што ў пацыента – іранскага студэнта, у якога ўпершыню была зарэгістравана каронавірусная інфекцыя ў Рэспубліцы Беларусь, атрыманы ўсе адмоўныя тэсты. Зараз ідзе яшчэ кантольна-лабараторнае абследаванне, ён у нас адносіцца да ачунялых. У Менску будзе вырашацца пытанне пра выпіску пацыентаў з інфекцыйнага стацыянару. Што датычыцца Віцебску, то пацыенты адчуваюць сябе абсалютна здавальняюча, працягваецца нагляд.
Лакалізацыя кантактаў перашага роўню хворых на каронавірус дазваляе беларускім медыкам спыняць распаўсюд інфекцыі.
Паспяховасць такіх мерапрыемстваў, калі атрымалася спыніць рызыку распаўсюду, пацвердзіў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў:
– Лік выпадкаў каронавіруснай інфекцыі перавысіў 100 тысяч, і нягледзячы на тое, што ідзе значны рост новых выпадкаў у некаторых краінах, увогуле досьвед і КНР, і шэрагу іншых краін паказвае, што на гэтым этапе эпідэміі ўсё яшчэ можна знізіць рызыкі яе распаўсюду, а таксама нават павярнуць яе назад.
Падчас брыфінгу таксама былі аправергнутыя чуткі пра тое, то каронавірус прыводзіць да інваліднасці. Аднак была падкрэслена неабходнасць выканання насельнцітвам стандартных мераў асабістай гігіены.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск