Спыніць пераслед супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю!
Беларуская нацыянальная платформа (БНП) Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства патрабуе спыніць пераслед дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, юрыста гэтай арганізацыі Алега Граблеўскага, а таксама спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Як адзначаецца ў распаўсюджанай БНП заяве, дзеянні дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў дачыненні да супрацоўнікаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю „палітычна матываваныя і з’яўляюцца пераследам за праваабарончую дзейнасць”.
„Мы патрабуем спыніць кампанію запалохвання і пераследу ў дачыненні да праваабаронцаў, грамадзянскіх актывістаў, некамерцыйных арганізацый у Беларусі. Спыніць усе спробы пераследу і націску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці, у прыватнасці, пераслед нашых калегаў — Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага і неадкладна вызваліць іх”, — гаворыцца ў заяве.
БНП запатрабавала ад беларускіх уладаў выканання нацыянальных і міжнародных абавязацельстваў па забеспячэнні гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці ў краіне.
„Мы заклікаем прадстаўнікоў пасольстваў і міжнародных арганізацый публічна асудзіць дзеянні прадстаўнікоў улады і заклікаць да неадкладнага вызвалення Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага. Заклікаем спецыяльных дакладчыкаў ААН выкарыстаць усе магчымасці іх мандатаў для неадкладнага ўплыву ў мэтах спынення націску на праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.
БНП нагадвае, што 21 студзеня дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачаў праверку ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі „Офіс правоў людзей з інваліднасцю”. У ведамстве заявілі, што яна звязана з пытаннямі „магчымага неправамернага завалодання ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэтаў аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю”. У офісе і дома ў супрацоўнікаў арганізацыі прайшлі агляды. У іх канфіскавалі тэхніку — камп’ютары, мабільныя тэлефоны і дакументы. У гэты ж дзень пасля вобшукаў Драздоўскі і Граблеўскі былі дастаўленыя ў ДФР КДК. 2 лютага іх зноў запрасілі ў ДФР КДК. Допыты праваабаронцаў доўжыліся каля сямі гадзін, адвакатаў увесь гэты час да іх не пускалі, адзначаецца ў заяве.
„Сяргей Драздоўскі сцвярджае, што работнікі ДФР падчас допыту называлі яго злачынцам, ашуканцам і аказвалі націск. Стала вядома, што падчас допыту Алега Граблеўскага зафіксавалі, гвалтоўна распранулі дагала падчас „гутаркі”, абражалі, пагражалі турмой і фізічным гвалтам, — адзначаецца ў заяве БНП. — Хочам адзначыць, што Сяргей Драздоўскі перамяшчаецца на інвалідным вазку і правесці сем гадзін у адным памяшканні амаль без магчымасці рухацца было для яго катаваннем”.
Адразу пасля допыту Драздоўскі і Граблеўскі паведамілі пра акалічнасці свайго знаходжання ў ДФР у СМІ. 3 лютага днём яны абодва перасталі выходзіць на сувязь. Праваабаронца Алена Танкачова паведаміла ў „Фэйсбуку”, што іх перавялі ў статус падазраваных па крымінальнай справе.
Паводле яе інфармацыі, праваабаронцы былі затрыманыя ў другой палове дня 3 лютага і дастаўленыя на допыт у Следчы камітэт. Юрыста офіса пасля допыту затрымалі на трое сутак і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. У дачыненні да Драздоўскага прымененая мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.
Прэс-служба ДФР КДК не каментуе сітуацыю, да прэс-службы Следчага камітэта БелаПАН датэлефанавацца пакуль не ўдалося.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю — праваабарончая арганізацыя Беларусі. Установа аказвае прававую дапамогу, кансультаванне ў пытаннях правоў людзей з інваліднасцю. Офіс займаецца асветніцкай дзейнасцю, выдае тэматычную літаратуру, а таксама дае экспертныя заключэнні ў пытаннях, звязаных з правамі людзей з інваліднасцю, пераадоленнем стыгматызацыі ў грамадстве.