Стала вядома, чаму Мацкевіч спыніў галадоўку
Філосаф Уладзімір Мацкевіч больш не трымае галадоўку. Пра гэта паведаміла яго калега Таццяна Вадалажская.

Падставай стала частковае выканенне патрабаванняў палітвязня. Дэталі не ўдакладняюцца па прычыне следства, адзначыла яна:
– Адвакатка паведаміла, што ён спыніў галадоўку, і яго стан зараз папраўляецца, бо раней яму было кепска, выклікалі медыкаў, і рабілі кропельніцу. Цяпер ён пачуваецца лепей, бо пачаў выходзіць з галадоўкі.
Раней паведамлялася, што галадоўка філосафа Уладзіміра Мацкевіча была аб’ялена ў знак патрабавання змены меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршэння следчых дзеянняў і прызначэння даты судовага разбіральніцтва.
17 лютага паплечнікі Уладзімера Мацкевіч атрымалі інфармацыю ад ягонага адваката. Мацкевіч расказаў адвакату:
«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя
