Стала вядома пра трэцюю ахвяру каронавіруса ў Беларусі
Стала вядома пра трэці ў Беларусі выпадак смерці ад COVID-19. Як стала вядома БелаПАН, у Віцебску 30 сакавіка ў бальніцы памерла 73-гадовая мясцовая жыхарка Аляксандра Чэпік. У заключэнні аб смерці жанчыны напісана: „Іншая вірусная пнеўманія (COVID-19)”.
Аляксандры Чэпік не стала за некалькі гадзін раней да таго, як у Віцебску пайшоў з жыцця 75-гадовы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, які афіцыйна лічыцца першым у Беларусі пацыентам, памерлым ад каранавіруса.
Пра смерць жанчыны БелаПАН паведаміла яе дачка Наталля Чэпік. Аляксандра Чэпік захварэла ў сярэдзіне сакавіка. У жанчыны паднялася высокая тэмпература, да 40 градусаў. Спачатку яна адмаўлялася класціся ў бальніцу. Аднак пазней яе шпіталізавалі ў віцебскі скурвендыспансер, а калі ёй стала горш — у Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр (былую чыгуначную бальніцу). У жанчыны пацвердзілі каранавірус. Паводле слоў Наталлі Чэпік, апошнія пяць-шэсць дзён яе маці ляжала пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай спецыялізаванай бальніцы Валерый Дзенісенка пацвердзіў БелаПАН, што Аляксандра Чэпік знаходзілася ў іх на лячэнні і памерла.
„Яна цяпер знаходзіцца на экспертызе. Уся інфармацыя ў нас закрытая, не даем. Так, ляжала. Урачы нашы гераічна змагаліся за жыццё, я магу гэта сказаць. У нас прафесіяналы высокага класа. Мы змагаліся за яе жыццё і зрабілі ўсё магчымае. Забеспячэнне у нас вельмі добрае. Мы не можам даць заключэнне, ці быў каранавірус, дасць экспертыза заключэнне”, — сказаў БелаПАН Валерый Дзенісенка.
У заключэнні аб смерці Аляксандры Чэпік, якое выдалі родным раніцай 1 красавіка, напісана, што жанчына памерла ад „іншай віруснай пнеўманіі (COVID-19)”.
Аляксандру Чэпік пахавалі 1 красавіка.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 1 красавіка, у Беларусі ад каранавіруснай інфекцыі памерлі два чалавекі. Таксама паведамляецца, што за апошнія суткі выпісана пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек.
Аднак агульную колькасць пацверджаных у краіне выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не публікуе.