Стала вядома, што палітвязень Мікіта Емяльянаў галадае ўжо 14-ы дзень
10 дзён ён не піў ваду. Анархіст Мікіта Емяльянаў пачаў “сухую галадоўку” трэцяга лютага. Праз дзесяць дзён ён пачаў піць ваду, бо ягоны стан моцна пагоршыўся. Емяльянаў адмаўляецца прымаць ежу дагэтуль, паведамляе тэлеграм-канал АЧК-Беларусь. Так палітвязень пратэстуе супраць кепскага стаўлення да яго. З 18 студзеня ён у штрафным ізалятары, у яго знаходзяць усё новыя парушэнні рэжыму. Прыкладам, ён адмаўляецца прыбіраць дворык для прагулак за іншымі зняволенымі, якія плююць, пакідаюць у ім недакуркі, бо пасля сябе Мікіта пакідае двор чыстым. Емяльянаву пагражае яшчэ два гады пазбаўлення волі ў дадатак да яго неадбытага тэрміна за парушэнне рэжыму.
Мікіта Емяльянаў вучыўся на 3 курсе БНТУ. Яго затрымалі ў кастрычніку 2019 году праз падазрэнне ў нападах на будынак Менскага гарадскога суда і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў пратэстам супраць пераследу палітвязняў. У сакавіку 2020 года Емяльянава асудзілі на 7 гадоў зняволення, у выніку апеляцыі пакаранне зменшылі да 4 гадоў. Ён у Магілёўскай турме.