Стала вядома, у чым вінавацяць нафтанаўцаў
Былую старшыню незалежнага прафсаюза „Нафтана” Вольгу Брыцікаву вінавацяць у закліках да санкцый. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Паведамляюць Праваабаронцы.
Паводле таго ж артыкула вінавацяць нафтанаўца Аляксандра Кухаронка, але невядома, па каторай частцы. Брыцікаву і Кухаронка затрымалі 11 жніўня.
Дома ў Кухаронка і ягоных бацькоў адбыліся ператрус. Спачатку разам з ім затрымалі і жонку, але пазней яе адпусцілі. Кухаронак быў адным з першых работнікаў „Нафтана”, якія падтрымалі стачку на прадпрыемстве. У 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту за ўдзел у запісе відэароліка з заклікам галасаваць на платформе „Голас”.
Вольга Брыцікава летась адбыла за кратамі 75 сутак запар. Ёй прысудзілі пяць арыштаў запар за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.