Сталі ведамы даты наступных судоў у Свіслачы



Сталі ведамы даты наступных судоў у Свіслачы над удзельнікамі Дня памяці паўстанцаў 1863 года, які традыцыйна прайшоў 27 кастрычніка ў Свіслачы і Якушоўцы.

Гарадзенскаму праваабаронцу Віктару Сазонаву пазванілі з Свіслацкага раённага суда і паведамілі, што адміністрацыйны працэс над ім пачнецца ў пятніцу, 23-га лістапада ў 14.15. Суддзя Аляксандр Шылін. Характэрна, што ў час Дня памяці паўстанцаў Віктар Сазонаў прысутнічаў у Свіслачы як праваабаронца і вёў маніторынг грамадскай мірнай акцыі ўшанавання нацыянальных герояў. 

Сёння ж аналагічную інфармацыю атрымаў гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст Ежы Грыгенча. Яго таксама будуць судзіць у Свіслачы, але ў іншы дзень – у панядзелак 26 лістапада а 14.15.

Напомнім, што раней 15 лістапада старшыня Свіслацкага раённага суду Аляксандр Шылін засудзіў грамадскага актывіста Юры Глебіка паводле артыкулу 23.34, частка 1 да 25 базавых велічынь штрафу. Ён жа 16 лістапада аштрафаваў іншага грамадскага актывіста Віктара Пяцельчыца на 10 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя