Сталі вядомыя імёны сілавікоў, якіх пазбавілі званняў з-за падтрымкі пратэстаў
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 траўня № 174, якім ён пазбавіў воінскіх і спецыяльных званняў сілавікоў, што перайшлі ў апазіцыю ўладам і падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
У спісе прадстаўнікі як „старой”, так і „новай” апазіцыі. Сярод іх — палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Барадач (былы камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, ініцыятар стварэння Саюза беларускіх афіцэраў у 1990-х гадах, жыве ў Германіі), падпалкоўнікі КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська і Валер Костка (былыя контрразведчыкі, у апазіцыі таксама з 90-х гадоў), падпалкоўнік міліцыі запасу Мікалай Казлоў (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі), старшы лейтэнант міліцыі запасу Ігар Макар (былы намеснік камандзіра баявой групы спецпадраздзялення „Алмаз” МУС, збег з краіны ў 2006 годзе, актыўны дзеяч „новай” апазіцыі), падпалкоўнік міліцыі запасу Станіслаў Лупаносаў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК, у снежні 2020 года паехаў ва Украіну), капітан юстыцыі запасу Андрэй Астаповіч (стваральнік ініцыятывы By_Pol, з’ехаў у Польшчу), палкоўнік міліцыі запасу Сяргей Маслоўскі (экс-начальнік ДАІ Мінскай вобласці).
Усяго ў спісе 86 прозвішчаў былых сілавікоў розных ведамстваў: 3 палкоўнікі, 18 падпалкоўнікаў, 11 маёраў, 22 капітаны, 22 старшыя лейтэнанты, 3 лейтэнанты, 2 прапаршчыкі, 1 старшына, 4 старшыя сяржанты.
Сярод разжалаваных тры жанчыны: капітан міліцыі запасу Надзея Татур, старшы лейтэнант міліцыі запасу Дар’я Канановіч і капітан юстыцыі запасу Святлана Хілько (да 2012 года працавала ў Следчым камітэце, цяпер у Народным антыкрызісным кіраванні Паўла Латушкі).
„Згодна з заканадаўчым актам Беларусі вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых ведамстваў, у тым лiку тыя, хто знаходзіцца ў запасе або ў адстаўцы, могуць быць пазбаўленыя воінскага (спецыяльнага) звання паводле рашэння кіраўніка дзяржавы”, — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі ў каментары да ўказа № 174.
„У перыяд абвастрэння грамадска-палітычнага становішча ў краіне з мэтай яго дэстабілізацыі асобныя вайскоўцы і супрацоўнікі нагняталі пратэстныя настроі ў грамадстве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, размяшчалі ў сетцы інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, заклікалі да радыкальных дзеянняў, публікавалі асабістыя дадзеныя дзяржаўных служачых, журналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выступалі з абвінавачваннямі, абразамі і пагрозамі ў іх адрас. Дыскрэдытуючы гонар і годнасць вайскоўца і супрацоўніка, праяўлялі знявагу дзяржаўных сімвалаў, выкідалі службовыя пасведчанні, здымалі пагоны, адмаўляліся ад выканання службовых абавязкаў. У дачыненні да шэрагу з іх распачатыя і расследуюцца крымінальныя справы, у тым ліку за арганізацыю актаў тэрарызму”, — гаварылася ў паведамленні.
Адзначаецца, што такія дзеянні „несумяшчальныя са статусам вайскоўца і супрацоўніка сілавога ведамства”.
„З улікам характару і ступені цяжару ўчыненых супрацьпраўных дзеянняў кіраўнікі сілавых ведамстваў устаноўленым парадкам ініцыявалі перад кіраўніком дзяржавы пытанне аб пазбаўленні пералічаных ва ўказе асоб воінскіх і спецыяльных званняў”, — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.