Станем за журналістыку і журналістаў разам! (абноўлена)



У Берасці прайшла акцыя салідарнасці мясцовых журналістаў з калегамі-фрылансерамі. Яна адбылася ў межах кампаніі “Станем за журналістыку!”, якая штогод ладзіцца па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі журналістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Як паведаміў кіраўнік берасцейскага аддзялення БАЖа Алег Супрунюк, прапанова зрабіць акцэнт падчас сёлетняй акцыі на праблемы, з якімі сутыкаюцца фрылансеры, надзвычай актуальная. Сярод сябраў мясцовай філіі БАЖа – шмат маладых журналістаў, якія працуюць фрылансерамі, у звязку з чым становяцца аб’ектамі ціску з боку ўладаў. У першую чаргу гэта тычыцца прыцягнення да адказнасці паводле артыкула за супрацу  з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Сёлета сярод тых, каго органы пракуратуры афіцыйна папярэдзілі на падставе гэтага артыкула, ёсць два фрылансеры з Берасця – Яўген Скрабец і Максім Хлябец, а літаральна днямі падобнае абвінавачванне высунутае і ў дачыненні да Аліны Літвінчук.

* * *

Гомельскія журналісты далучыліся да міжнароднай акцыі салідарнасці „Станем за журналістыку”. Прадстаўнікі незалежных СМІ выказалі падтрымку калегам, якіх пераследуюць за выкананне прафесійных абавязкаў. Кіраўнік абласной філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц заўважае, што формы праявы салідарнасці могуць быць рознымі.

–      Салідарнасць, у тым ліку і нашай арганізацыі, праяўлялася ў розных формах. Калі закрылі “Архэ”, мы фатаграфаваліся з “Архэ”. Нас было больш за 15 чалавек. Калі пераследавалі гарадзенскіх журналістаў, мы абавязкова пісалі пра гэта і дасылалі ў афіцыйныя мясцовыя органы звароты, каб спыніць гэты пераслед. Галоўнае, каб мы адчувалі, што ёсць такая праблема, што ёсць людзі, якія пераследуюцца.

У Беларусі існуе рэпрэсіўная практыка пераследу журналістаў-фрылансераў за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ. За апошнія некалькі месяцаў да адказнасці былі прыцягнутыя некалькі карэспандэнтаў тэлеканала “Белсат” і Беларускага Радыё Рацыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

* * *

5 лістапада ў свеце праходзіць кампанія „Станем за журналістыку!”

SUFJ_2014_02_352f616395

Яна ладзіцца ўжо сёмы год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), асацыяваным сябрам якіх з’яўляецца ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Цягам тыдня журналісты ва ўсім свеце ладзяць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія маюць прыцягнуць увагу грамадскасці да самых надзённых праблем.

Але кожная краіна найперш канцэнтруецца на праблеме, важнай менавіта для яе.

Далучайцеся да кампаніі “Станем за журналістыку!” online i offline. Мы стаім за правы Алеся Дзянісава, Андрэя Мялешкі, Алеся Залеўскага, Марыны Маўчанавай, Алеся Буракова, Міхаіла Аршынскага, Аліны Літвінчук, Віталя Сямашкі, Юрыя Дзешука, Яўгена Скрабца, Мікалая Бянько, Юліі Сівец, Святланы Сцяпанавай, Алены Сцяпанавай, Максіма Хлябца і многіх іншых журналістаў, аштрафаваных і папярэджаных за прафесійную дзейнасць.

[Not a valid template]